Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке) :: Лагерлеф Сельма
Страница:
93 из 115
Спачатку дзяўчына Спак намервалася крыху пагардлiва падзякаваць за перасцярогу, але апошнiя словы незнаёмай жанчыны абудзiлi ў яе цiкавасць.
- А што ж яму трэба? Вы ведаеце, што яму трэба?
- Няўжо вам, паненка, пра гэта невядома? - запыталася сялянка. - Тады я нi слова больш не вымаўлю. Можа, так яно i лепей для вас, што вы нiчога не ведаеце.
З гэтымi словамi яна працягнула дзяўчыне Спак руку, павярнула на iншую сцяжынку i неўзабаве знiкла з вачэй.
Дзяўчына Спак асцерагалася i не расказала за абедзенным сталом усёй сям'i пра гэтую размову. Але пасля абеду, калi барон Адрыян наведаўся да яе ў малочную, яна не ўтаiла таго, што сказала ёй незнаёмка. Адрыян i сапраўды вельмi здзiвiўся.
- Мабыць, гэта была Марыт Эрыксдотэр з Ольсбю, - сказаў ён. - Ведаеце, паненка, яна ўпершыню за трыццаць год перамовiлася сяброўскiм словам з кiмсьцi з Хедэбю. Мне яна аднойчы зацыравала шапачку, якую падраў хлопчык з Ольсбю, а выгляд у яе пры гэтым быў такi, быццам яна хацела выдзерцi мне вочы.
- Але цi ведае яна, што iменна шукае Генерал?
- Каму ж, як не ёй, ведаць аб гэтым, паненка Спак. I я таксама ведаю. Тата расказваў мне неяк усю гiсторыю. Але бацькi мае не жадаюць, каб аб гэтым гаварылi пры сёстрах. Яны пачнуць тады баяцца прывiдаў i наўрад цi застануцца жыць тут. I я таксама не адважваюся расказаць вам аб гэтым.
- Баранi бог! - прамовiла аканомка. - Калi барон забаранiў казаць...
- Я шкадую аб гэтым, - перабiў яе барон Адрыян, - я думаў, што вы, паненка, зможаце мне дапамагчы.
- Ах, калi б я магла!
- Бо, i я гэта паўтараю, - працягваў барон Адрыян, - хачу дапамагчы супакоiцца беднаму прывiду.
|< Пред. 91 92 93 94 95 След. >|