Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
11 из 315
"Наперад, кульгач, - закрычаў ён страшным голасам, - наперад, гультаёвiны кавалак, махляр, храпа намазаная! А то каб не паказытаў я табе пяты! Што ты тут робiш памiж вежамi? Тваё месца ў вежы, туды цябе трэба запраторыць, каб не заступаў дарогi лепшаму за цябе!" i штослова наблiжаўся да танцора, а як падышоў за крок, сталася нешта жудаснае, што сцяло ўсiм вусны i завалакло ўсiм вочы: ён крыкнуў, як чорт, i пераскочыў цераз таго, якi стаяў у яго на дарозе. А танцор, убачыўшы, што супернiк перамагае, страцiў раўнавагу, кiнуў сваю жардзiну i паляцеў у бездань - вiхура мiгатлiвых рук i ног. Натоўп на пляцы хваляваўся, як мора, калi налятае бура: усiх размяло каго куды; але найбольш аказалася там, куды падала цела.
А Заратустра застаўся, i скакун упаў проста перад iм, увесь знявечаны i разбiты, але яшчэ жывы. Праз нейкi час памяць вярнулася да яго, i ён убачыў Заратустру, якi кленчыў побач. "Што ты тут робiш? - спытаўся няшчасны. - Я даўно ведаў, што мне сам чорт падставiць нагу. Цяпер ён пацягне мяне ў пекла: няўжо ты хочаш не даць яму?"
"Прысягаю гонарам, дружа, - адказаў Заратустра, - няма нiчога такога, пра што ты кажаш: нi чорта няма, нi пекла. Твая душа памрэ раней за цела: не бойся нiчога!"
Разбiты паглядзеў на яго з недаверам. "Калi ты кажаш праўду, дык, пакiдаючы жыццё, я нiчога не трачу. Я не больш, чым жывёла, якую пугай i голадам навучылi скакаць".
"О, не - сказаў Заратустра, - з небяспекi ты зрабiў сабе рамяство, а за гэта нельга пагарджаць табою. I вось рамяство тваё навяло цябе на пагiбель. За гэта я сам пахаваю цябе".
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|