Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
12 из 315
На гэтыя словы скакун ужо не сказаў нiчога; ён толькi варухнуў рукою, як бы шукаючы рукi Заратустры, каб падзякаваць яму.
7
Тым часам звечарэла, i рыначны пляц агарнула цемра; ужо разышоўся натоўп, бо нават цiкаўнасць i страх стамляюцца. А Заратустра ўсё сядзеў на зямлi каля мёртвага, занураны ў свае думкi, так што забыўся нават пра час. Нарэшце набегла ноч, i халодны вецер пачаў даймаць самотнiка. Тады Заратустра ўстаў i сказаў свайму сэрцу:
"Праўда, добрыя ловы былi ў Заратустры сёння! Нiводнага чалавека не ўлавiў ён, вось толькi мёртвага.
Жудаснае жыццё ў чалавека, i, як заўсёды, - без сэнсу: на долю яму выпадае блазенства.
Я хачу вучыць людзей сэнсу жыцця: сэнс ёсць Звышчалавек, маланка з чорнай хмары-чалавека.
Але яшчэ я далёкi ад iх, i думка мая iхняга глузду не дастае. У людзей я яшчэ нешта сярэдняе памiж дурнем i трупам.
Цёмная ноч, цёмныя дарогi ў Заратустры. Хадзем, астылы i нерухомы таварышу мой! Я занясу цябе туды, дзе сам i пахаваю".
8
Сказаўшы гэта сэрцу свайму, Заратустра ўзвалок труп на плечы i выправiўся ў дарогу. Але не паспеў ён прайсцi i сотнi крокаў, як да яго нехта падкраўся i зашаптаў на вуха - вай, гэта быў блазен з вежы. "Iдзi з гэтага горада, о Заратустра, - казаў ён, - надта многiя тут зненавiдзелi цябе. Ненавiдзяць i добрыя, i праведныя ды называюць цябе сваiм ворагам i ненавiснiкам; ненавiдзяць вернiкi, кажучы, што небяспечны ты людству. Шчасце тваё, што з цябе пасмяялiся: i сапраўды, гаварыў ты, як блазен.
|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|