Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
13 из 315
Шчасце тваё, што звязаўся ты з гэтым падлам: прынiзiўшыся так, ты ўратаваў сягоння сябе. Але iдзi ўпрочкi з гэтага горада, а то заўтра я пераскочу цераз цябе - жывы цераз мёртвага". I, сказаўшы гэта, знiк блазен, а Заратустра пайшоў далей па цёмных вулiцах.
Каля гарадское брамы сустрэлiся яму далакопы; яны асвятлiлi яму паходняю твар i, пазнаўшы Заратустру, доўга збыткавалi з яго: "Заратустра нясе мёртвага сабаку; брава, ён цяпер далакоп! Бо нашыя рукi занадта чыстыя на такое мяса. Ужо цi не мерыцца Заратустра адабраць кавалак у самога чорта? Ану ж бо! Смачнога абеду! Калi толькi чорт не лепшы злодзей, чым Заратустра, - ён украдзе абодвух i зжарэ!" - I далакопы шапталiся мiж сабою i рагаталi.
Заратустра адказваў на гэта маўчаннем, iдучы далей. Дзве гадзiны iшоў ён лясамi i балотамi i дзве гадзiны чуў, як вылi галодныя ваўкi; нарэшце голадам змогся i ён. Ён спынiўся каля нейкай адзiнокай хацiны, у акне якое гарэла святло.
"Голад спрамог мяне, як разбойнiк, - сказаў сам сабе Заратустра. - У лясах i на балотах нападае на мяне мой голад, сярод цёмнае ночы.
Дзiўны ў голаду нораў. Часта ён прыходзiць да мяне па абедзе, а сёння я цэлы дзень не ведаў яго: дзе ж ён забавiўся гэтак?"
Кажучы так, Заратустра пастукаўся ў дзверы. Адчынiў стары з лiхтаром i спытаўся: "Хто завiтаў да мяне i парушыў мой кепскi сон?"
"Жывы i мёртвы, - сказаў Заратустра. - Дай мне паесцi i напiцца; я ўдзень забыўся пра гэта. Той, хто кормiць галоднага, спатольвае сваю душу: так кажа мудрасць".
Стары пайшоў, але адразу вярнуўся, несучы Заратустру хлеб i вiно.
|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|