Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 145 из 315

I вось, пакуль ён прыслухоўваўся да гаворак, развязалiся аковы яго языка, i зламаўся лёд на сэрцы, i ён пачаў гаварыць так:

"Вам адважным шукальнiкам, даследчыкам i ўсiм, хто пад хiтрымi ветразямi iшоў у жудасць мора,

- вам, упiтым загадкамi, радым мiгатлiваму сумнiўнаму святлу, чые душы пад гукi жалеек iмкнуцца ўведаць падманлiвыя безданi,

- бо вы не хочаце нясмелай рукою намацваць нiтку; i там, дзе вы можаце адгадаць, вы ненавiдзiце рабiць высновы,

- вам толькi раскажу я загадку, якую бачыў я, - твор самотнiка.

Панура iшоў я нядаўна ў мярцвяна-бледных поцемках. Ужо не адно сонца зайшло для мяне.

Сцежка, якая ўпарта лезла сярод камянёў, незадаволеная, адзiнокая, - нi травы, нi кустоў абапал - горная сцежка храбусцела пад настырнасцю маiх ног.

Моўчкi ступаючы сярод насмешлiвага шабуршання дробнага камення, расцiраючы на пыл кожны, аб якi спатыкалася мая нага, я намагаўся падняцца ўгору.

Угору - насуперак духу, якi цягнуў мяне ўнiз, у прорву, насуперак Духу Цяжару - дэману i майму заклятаму ворагу.

Угору - хоць ён сядзеў на мне, паўкрот, паўтрус; кульгавы, ён i мяне спрабаваў зрабiць кульгавым; ён улiваў мне волава праз вушы ў мазгi - i думкi рабiлiся, быццам кроплi волава.

"О Заратустра, - пакеплiва шаптаў ён. - О камень мудрасцi! Ты высока падкiнуў сябе, але кожны кiнуты камень павiнен упасцi!

О Заратустра, камень мудрасцi, шпурнуты з прашчы, ты знiшчальнiк зорак! Як высока ты кiнуў сябе, але кожны кiнуты камень павiнен упасцi!

Прысуджаны да самога сябе i да самапабiвання камянямi: о Заратустра, высока падкiнуў ты камень, але ён упадзе на цябе!

I тут карлiк замоўк, i надоўга.

|< Пред. 143 144 145 146 147 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]