Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
178 из 315
Як упэўнена глядзеў мой сон на гэты концы свет, - без цiкаўнасцi, без шкадавання, без страху, без мальбы:
- быццам выспелы яблык прасiўся ў руку маю, крамяны i залацiсты, з далiкатнай халаднаватай аксамiтнай скуркай - такiм здаўся мне свет:
- быццам кiвала мне дрэва з раскiдзiстымi галiнамi, моцнае воляй, сагнутае дзеля апоры i адпачынку нагам стомленых дарожнiкаў: такiм здаўся мне са скалы гэты свет;
- быццам пяшчотныя рукi неслi мне насустрач скрынку, адчыненую захапленню сарамяжлiвых шанавальных вачэй - такiм гэты свет здаўся мне сёння;
- не так загадкай, каб адпудзiць чалавечую любоў; не так разгадкай, каб прыспаць чалавечую мудрасць, - па-чалавечы добрым здаўся мне сёння свет, пра якi так многа лiхасловяць!
Якi ўдзячны я свайму ранiшняму сну за тое, што сёння на золку ўзважыў я свет! Па-чалавечы добрым прыйшоў да мяне сон, суцешнiк сэрцаў!
I ўдзень я зраблю, як ён, i навучуся ў яго ўсяго найлепшага: цяпер я хачу пакласцi на шалi з усiх лiхаў тры сама лiхiя i па-чалавечы правiльна iх узважыць.
Хто вучыў дабраслаўляць, той вучыў i выклiнаць: якiя ж на свеце ёсць тры найсама клятыя рэчы? Iх я i хачу пакласцi на шалi.
Пахацiнства, уладалюбства, сябелюбства - гэтыя тры да сёння выклiналiся найбольш i найбольш iх аплявузгалi; i вось гэтыя тры пахiбы сёння я хачу па-чалавечы добра ўзважыць.
Давай! Тут мая скала, там - мора: яно падкочваецца мне пад ногi, калматае, лашчыцца - вернае, старое страшыдла, спагадлiвы сабака, якога я люблю.
Давай! Тут я трымаю вагi, над бурным морам, i выбiраю сведку, каб ён глядзеў, - выбiраю цябе, любае маё самотнае дрэва, што шырока раскiнула голле, пахучае, водарнае!
Па якiм мосце iдзе сённяшняе ў будучыню? Па чыёй волi высокае хiлiцца да нiзкага? I што загадвае вышэйшаму расцi вышэй i вышэй?
Цяпер шалi ў раўнавазе i ў нерухомасцi: тры цяжкiя пытаннi кiнуў я на адну шалю, тры цяжкiя адказы трымае другая.
|< Пред. 176 177 178 179 180 След. >|