Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 18 из 315



А там, у пустэльнай пустынi, адбываецца другое пераўтварэнне: там дух робiцца iльвом, каб здабыць сабе волю, ён хоча зрабiцца i гаспадаромсваёй пустынi.

Там ён шукае свайго апошняга ўладыку: ён хоча быць яму ворагам, апошняму Госпаду i Богу свайму, да пераможнага канца хоча змагацца з вялiкiм цмокам.

Хто ж ён, той вялiкi цмок, якога дух больш не хоча прызнаваць за Госпада i Бога? Завецца той цмок - "Ты-павiнен". Але дух iльва гаворыць "я хачу".

Звер "Ты-павiнен" ляжыць на дарозе ў яго, залатою лускою iльснiцца, i на кожнай лусчынцы золатам блiшчыць "Ты павiнен"!

Бляск тысячагадовых каштоўнасцяў на гэтай лусцэ, i магутны цмок кажа так: "Каштоўнасцi ўсiх рэчаў блiшчаць на мне сваiм бляскам".

"Ужо ўсе каштоўнасцi створаны, i ўсе яны - гэта я. Сапраўды, не павiнна больш быць "Я хачу!" - так кажа цмок.

Братове мае, навошта патрэбен леў у духу? Цi не даволi толькi ўючнай жывёлы, пакорлiвай i пачцiвай?

Ствараць новыя каштоўнасцi не можа яшчэ i леў; але стварыць свабоду дзеля новай творчасцi можа ягоная сiла.

Стварыць сабе свабоду i паставiць свяшчэннае "Не" вышэй за абавязак - вось навошта патрэбен леў, братове мае.

Забраць сабе права ствараць новыя каштоўнасцi - вось чаго найболей баiцца трывалы i пачцiвы дух. Сапраўды, рабункам, вартым драпежнага звера, здаецца яму ўсё гэта.

"Ты павiнен" калiсьцi было ў яго найвышэйшай святыняй, i ён любiў яе; а цяпер ён мусiць убачыць у ёй памылку i сваволю, каб здабыць сабе свабоду ад сваёй любовi, - вось навошта леў патрэбен.

|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]