Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
19 из 315
Але скажыце мне, братове мае, што можа дзiця зрабiць такога, што не даецца iльву? Навошта драпежнаму зверу рабiцца яшчэ i дзiцём?
Дзiця - гэта нявiннасць i забыццё, новы пачатак i гульня, кола, якое само па сабе коцiцца, першы рух, свяшчэннае "Так".
Бо свяшчэннае "Так" патрэбна ў гульнi стварання, братове мае: сваёй волi цяпер прагне дух, свой свет здабывае страчаны светам.
Я назваў вам тры першыя пераўтварэннi духу: як дух зрабiўся вярблюдам, потым - iльвом, нарэшце - дзiцём.
Так сказаў Заратустра. У той час ён спынiўся ў горадзе, якi называўся Пярэстая Карова.
Пра кафедры цноты
Заратустру нахвальвалi аднаго мудраца, якi вельмi добра ўмеў разважаць пра сон i цноты; за гэта яго высока шанавалi i шчодра дарылi, i ўсе вучнi багавейна сядзелi перад кафедрай. Падышоў да яго i Заратустра i разам з усiмi сеў перад кафедрай. I сказаў мудрэц:
"Гонар i сорам сну! Гэта першае! I цурайцеся тых, хто кепска спiць i чувае ўначы!
Перад аблiччам сну нават злодзей саромеецца: нячутна крадзецца ён у змроку начным. Але няма сораму ў начнога вартаўнiка, ён трубiць у дудку i не саромеецца.
Не абы-якая штука - умець спаць: бо на тое трэба чуваць цэлы дзень.
Дзесяць разоў на дзень ты павiнен перасiльваць сябе: гэтая перасiлка дае табе прыемную стому i душы тваёй будзе сонным макам.
Дзесяць разоў на дзень ты павiнен зноў замiрацца з сабою, бо перасiлка гэта горыч, i кепска спiць той, хто не замiрыўся.
Дзесяць праўд ты павiнен знайсцi за дзень, iначай шукацьмеш праўду ўначы, i душа твая застанецца галодная.
|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|