Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 20 из 315



Дзесяць разоў на дзень смейся i весялiся, каб уначы не мець клопату з жыватом - гэтым бацькам маркоты.

Мала хто ведае гэта: трэба мець усе цноты, каб добра спаць. Хiба ж буду я сведчыць iлжыва? Хiба буду чынiць пералюбы?

Хiба дазволю сабе пажадаць рабыню блiзкага майго? Не, не паспрыяла б такое добраму сну.

I нават калi ў цябе ёсць усе цноты, не забывайся яшчэ аднаго: умей у свой час паслаць спаць усе свае цноты.

Каб не сварылiся яны, гэтыя ясачкi любыя, тым больш праз цябе, няшчасны!

Будзь з Богам у згодзе i з суседам сваiм, гэтага вымагае добры сон. Будзь у згодзе таксама i з суседавым чортам! Iнакш ён сярод ночы пачне наведваць цябе.

Шануй начальствы свае i слухайся iх, нават калi яны ходзяць крыва! Гэтага хоча добры сон. Хiба ж бо твая ў тым правiна, калi ўлада кульгае?

Таго пастуха назаву сама лепшым, якi пасвiць авечкi на сакавiтых пашах: бо так здабывае ён добры сон.

Я не хачу нi вялiкае чты, нi багатае вучты: ад гэтага запаляецца ў целе каса. Але добра спiцца, калi ёсць добрае iмя i маленькi скарб.

Лепш невялiкi гурток, анiж дурны; але ўсе павiнны прыходзiць i адыходзiць сваiм часам. Гэта спрыяе добраму сну.

Даспадобы мне ўбогiя духам: яны спрыяюць добраму сну. Яны шчасныя, тым болей калi прызнаваць за iмi заўсёды iх рацыю.

Так праходзiць дзень у дабрачынца. А як ноч настае, баюся я клiкаць сон; не хоча ён, каб яго клiкалi, уладыку ўсiх цнотаў!

Я толькi думаю, што зрабiў я i што цэлы дзень мецiў.

|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]