Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 203 из 315



Хто можа загадваць i хто павiнен слухацца - вось што выпрабоўваецца тады! О, якiмi доўгiмi пашукамi, варажбою, парадамi, промахамi, доследамi i новымi спробамi выпрабоўваецца гэта!

Вось вучэнне маё: чалавечае грамадства - гэта спроба, гэта доўгае шуканне; яно шукае таго, хто загадвае!

- гэта спроба, братове мае! А нiякi не "дагавор"! Разбiце, разбiце мне гэтае слова, слова размяклых i распалавiненых сэрцаў!

26

О братове мае! Хто найбольш небяспечны будучынi чалавецтва? Цi ж бо не добрыя i праведныя!

- цi не тыя, што кажуць i чуюць у сэрцы сваiм: "Мы ўжо ведаем, у чым дабро i праведнасць, мы ўжо дасягнулi гэтага; гора тым, якiя ўсё яшчэ шукаюць!"

I якую шкоду нi чынiлi б лiхiя, шкода ад добрых - сама шкодная!

I як бы нi нашкодзiлi светапаклёпнiкi, шкода ад добрых - сама шкодная!

О братове мае, у сэрцы добрых i праведных зiрнуў калiсьцi той, хто сказаў: "Гэта - фарысеi". Але яго не зразумелi.

I не маглi зразумець яго менавiта добрыя i праведныя: бо iхнi дух паланёны iх чыстым сумленнем. Глупства добрых незвычайна разумнае.

Але вось праўда: добрыя мусяць быць фарысеямi, у iх няма выбару!

Добрыя мусяць укрыжоўваць таго, хто вынаходзiць сваю дабрачыннасць! Такая яна, праўда!

А другi, хто адкрыў iхнюю зямлю, - зямлю, сэрца i зямное царства праведнiкаў, быў той, што спытаўся: "Каго больш за ўсiх ненавiдзяць яны?"

Стваральнiк ненавiсны iм найбольш: той, хто разбiвае скрыжалi ўсiх каштоўнасцяў i нiшчыць старыя каштоўнасцi; яны называюць яго злачынцам.

|< Пред. 201 202 203 204 205 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]