Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 202 из 315



Хай будзе прапашчы той дзень, калi мы хоць раз не танцуем! Хай назавецца ў нас хлуснёю любая iсцiна, якая без радаснага смеху!

24

Вы бераце шлюб: глядзiце ж, каб не зрабiўся ён вам турмою! Вы надта спяшаецеся, i вось вынiк гэтага - разрыў шлюбу!

Але гэта ўсё-такi лепш, чым схiляцца i хлусiць!Адна жанчына сказала мне: "Я парушыла шлюб, але да гэтага шлюб парушыў - мяне!"

Блага спараваныя, заўважаў я, сама помслiвыя: яны гатовыя помсцiць усяму беламу свету за тое, што ўжо не могуць разлучыцца.

Вось таму я i хачу, каб шчырыя гаварылi адно аднаму: "Мы любiмся; пабачым, цi любоўна паводзiмся! Iнакш зарука нашая - памылка.

Дайце нам часу i нядоўгага шлюбу, каб мы пабачылi, цi вартыя мы на вялiкi шлюб! Вялiкая рэч - быць заўсёды ўдваiх!"

Так я раю ўсiм шчырым; i чым была б мая любоў да Звышчалавека i да ўсяго, што наблiжаецца, калi б я гаварыў i раiў iнакш!

Расцi не толькi ўшыркi, але i ўгору - у гэтым, о братове мае, хай паможа вам сад шлюбу!

25

Глядзiце, хто зачарпнуў мудрасцi са старых крынiц, будзе шукаць новых крынiц i вытокаў будучынi.

О братове мае, скора ўзнiкнуць новыя народы, i зашумяць у новых глыбiнях новыя крынiцы.

Бо землятрус, якi засыпае шмат крынiц, i тады многiя смягнуць, - ён жа вызваляе схаваныя, патаемныя сiлы.

Землятрус адчыняе новыя крынiцы. Пры трасеннi народаў пачынаюць струменiць новыя крынiцы.

I хто крыкне тады: "Вось крынiца многiм сасмяглым, адно сэрца многiм ператомленым, адна воля многiм прыладам", - вакол таго збiраецца народ, iнакш кажучы - шмат выпрабоўцаў.

|< Пред. 200 201 202 203 204 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]