Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 209 из 315



"Ах вы, шэльмы! Ах вы, катрыншчыкi! - адказаў Заратустра i зноў заўсмiхаўся, - вы добра ведаеце, што павiнна спраўдзiцца ў сем дзён;

- i як пачвара тая запаўзла мне ў горла i душыла мяне! Але я адкусiў ёй галаву i выплюнуў.

А вы, - вы ўжо зрабiлi з гэтага песеньку на катрынку? I вось, я ляжу тут, яшчэ не ачомаўся ад схваткi з той пачварай i яшчэ не ачуняў ад збавення свайго.

I вы гледзiце на ўсё гэта? О звяры мае, няўжо i вы жорсткiя? Няўжо i вам, як людзям, падабалася глядзець на жудасныя пакуты мае? Бо чалавек - сама жорсткi звер.

Трагедыi, крыжаваннi, бой быкоў - усё гэта было ў яго дагэтуль найбольшай радасцю на зямлi; i калi ён прыдумаў пекла, дык пекла зрабiлася яму на зямлi небам.

Калi вялiкi чалавек крычыць - тут i лётам ляцiць да яго маленькi, пажадлiва высалапiўшы язык, i называе гэта - "спагадаю".

З якiм запалам маленькiя людзi - асаблiва паэты - вiнавацяць жыццё на словах! Паслухайце iх, але не прапусцiце задаволенасцi, якая гучыць у кожнай iхняй скарзе!

Жыццё iмгненна перамагае сваiх вiнаваўцаў. "Ты любiш мяне? - пытаецца яно бессаромна.

Пачакай крыху, пакуль што мне няма калi разбiрацца з табою".

|< Пред. 207 208 209 210 211 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]