Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 212 из 315



Ты вучыш, што ёсць Вялiкi Год станаўлення, незвычайны год-волат; нiбы клепсiдра, павiнен ён абарачацца зноў i зноў, каб нанава напаўняцца i зноў цячы;

- i ўсе гэтыя гады роўныя самiм сабе, як у сама вялiкiм, так i ў сама малым; i самыя мы ў кожны Вялiкi Год роўныя сабе, як у сама вялiкiм, так i ў сама малым.

I калi б ты цяпер захацеў памерцi, о Заратустра, дык мы ведаем i тое, што б ты тады пачаў гаварыць пра сябе. Але звяры твае просяць, каб ты пакуль што не памiраў!

Без страху, глыбока ўздыхаючы ад шчасця, ты казаў бы: бо цяжар велiзарнае ношы быў бы з цябе зняты, о найцярплiвейшы!

"Вось я памiраю i знiкаю, - такiя былi б твае словы, - i ў iмгненне ператвараюся ў нiшто. Душы такiя ж смяротныя, як i целы.

Але сувязь прычын, у якiя я ўплецены, зноў вернецца i зноў створыць мяне! I сам я - адна з прычын Вечнага Вяртання.

Я вяртаюся - разам з гэтым сонцам, з гэтай зямлёй; з гэтымi арлом i змяёй - не дзеля нейкага новага, альбо лепшага, альбо падобнага жыцця:

Я вечна вяртаюся да гэтага жыцця як у сама вялiкiм, так i ў сама малым, каб зноў вучыць пра Вечнае Вяртанне ўсiх рэчаў.

- каб зноў сказаць сваё слова пра Вялiкi Полудзень зямлi i чалавека, каб зноў звеставаць людзям пра Звышчалавека.

Я сказаў слова i гiну ў iмя яго: так хоча вечны лёс мой - я гiну як прадвеснiк!

Настаў час, калi кожны, хто гiне i iдзе да схiлу свайго, дабрасловiць сам сябе. Так канчаецца захад Заратустры"...

Сказаўшы гэтыя словы, звяры замоўклi i чакалi адказу Заратустры: але ён не заўважыў, што спынiлiся iх прамовы. Нiбы ў сне, цiха ляжаў ён з заплюшчанымi вачыма, хоць i не спаў, - бо ён гутарыў са сваёю душою.

|< Пред. 210 211 212 213 214 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]