Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 215 из 315



"Усякi плач цi не ёсць скарга? I ўсякая скарга цi не ёсць абвiнавачанне?" - так ты кажаш сабе, i лепей усмiхаешся, чым слязьмi вылiваеш цярпеннi свае:

- патокамi слёз вылiць твае цярпеннi ад твайго надмеру i тамлення вiнаграднай лазы па вiнаградары з ягоным нажом!

Але калi не хочаш галасiць, не хочаш выплакаць пурпуровую скруху, табе дадзена будзе спяваць, о душа мая! Глядзi, я ўсмiхаюся сам, прадвяшчаючы табе гэта:

- табе дадзена будзе спяваць песню цярпенняў, пакуль моры не ацiхнуць, прыслухоўваючыся да тамлення твайго,

- пакуль на цiхай змаркочанай роўнядзi мора не паявiцца човен, залаты цуд, вакол золата якога кружляцьме ўсё добрае, благое i нябачнае;

- i мноства звяроў, вялiкiх i малых, i ўсе цудоўнае, легканогае, будзе бегаць па блакiтных сцежках,

- туды да залатога цуду, да вольнага чоўна i ягонага гаспадара - да вiнаградара, якi чакацьме з алмазным сваiм нажом,

- да твайго вялiкага збаўцы,о душа мая, - пакуль яшчэ безназоўнага; толькi песнi будучынi знойдуць яму iмя! I сапраўды, ужо водарыць дыханне тваё гэтымi песнямi;

- ужо палаеш i мроiш ты, ужо п'еш суцяшэнне з усiх глыбокiх, звонкiх крынiц, ужо адпачывае туга твая ў шчасцi будучых песень!

О душа мая, цяпер я аддаў табе ўсё, нават сваё апошняе, i дзеля цябе апусцелi мае рукi: я загадаў табе спяваць - вось маё апошняе!

Я загадаў табе спяваць, дык скажы мне, скажы: хто з нас павiнен дзякаваць? - Зрэшты, не, лепей спявай мне, спявай, о душа мая! I дазволь мне дзякаваць табе!"

Так сказаў Заратустра.

|< Пред. 213 214 215 216 217 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]