Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 218 из 315

асоў!

Вось гэта танец дык танец! Я - паляўнiчы, кiм жа ты хочаш быць: маiм сабакам цi сарнай?

Вось ты i поруч! Яшчэ хутчэй, лiхая скакуха! А цяпер угору! I туды! Жаль! Скачучы, я сам упаў!

О пагардлiвая, глядзi, - я ляжу i прашу лiтасцi! Больш прыемнымi сцежкамi хацеў бы iсцi я з табою:

- сцежкамi кахання праз моўчу стракатых зарасцяў! Альбо там, па беразе возера, у глыбiнях якога танцуюць залатыя рыбкi!

Ты стамiлася? Зiрнi на вячэрнюю зару; а вунь - пасуцца авечкi; хiба не дзiвосна - заснуць пад гукi пастуховай жалейкi?

Ты так стамiлася? Я занясу цябе туды, абдымi мяне! А калi ты сасмягла, я знайду, чым цябе напаiць, толькi вусны твае адмовяцца пiць!

О гэта гнуткая, увiшная змейка, вядзьмарка праклятая! Увiнулася! Дзе ты? А на твары маiм засталiся дзве чырвоныя плямы ад тваiх рук!

Далiбог, я стамiўся быць пастухом тваiм вечным! Я дагэтуль спяваў табе, чарадзейка, а цяпер - ты закрычыш у мяне!

У такт плётцы маёй будзеш скакаць i крычаць! Бо не забыўся ж я плёткi? Не, не забыўся!"

2

Так, адказвала мне Жыццё, зацiскаючы рукамi свае далiкатныя вушы:

"О Заратустра! Не ляскай так страшна плёткай сваёю! Ты ж ведаеш: шум забiвае думкi, а да мяне якраз прыйшлi такiя пяшчотныя думкi!

Мы з табою - па-за дабром i па-за лiхам i не творым нi таго нi другога. Па той бок дабра i зла знайшлi мы выспу сваю i зялёны луг - мы двое, толькi я i ты! Таму мы павiнны жыць у спакоi i згодзе!

А калi мы не любiм адно аднаго ад шчырага сэрца, цi варта праз гэта гневацца?

Ты ж ведаеш, што хораша стаўлюся я да цябе, а часта нават залiшне хораша: i ўсё таму, што раўную цябе да тваёй мудрасцi. Ах, гэтая мудрасць, старая бязглуздая дурнiца!

Але калi мудрасць твая возьме дый кiне цябе, тады i любоў мая нядоўга прабудзе з табою".

Тут Жыццё задуменна азiрнулася i цiха сказала: "О Заратустра, ты не надта верны мне!

Ты даўно ўжо любiш мяне не так моцна, як кажаш: ведаю, ты збiраешся неўзабаве пакiнуць мяне.

Бо ёсць стары, цяжкi-цяжкi, гулкi звон - да самай пячоры тваёй далятаюць уначы ягоныя ўдары:

- I калi чуеш ты, як апоўначы б'е гадзiннiк, ты думаеш памiж першым i апошнiм - дванаццатым ударам

- думаеш пра тое, о Заратустра, што неўзабаве пакiнеш мяне, - я ведаю гэта".

"Ведаю, - вагаючыся, адказаў я, - але ты ведаеш таксама..." - I я сказаў Жыццю нешта на вуха, шэптам, пра залатыя пасмы яго скудлачаных, вар'яцкiх валасоў.

"Ты ведаеш гэта, о Заратустра? Гэтага не ведае нiхто".

I глядзелi мы адно на аднога, i пазiралi на зялёны луг, на якi клаўся вечаровы халадок, i галасiлi. I гэтым разам Жыццё было мне мiлейшае, чым калi-небудзь мудрасць мая".

Так сказаў Заратустра.

|< Пред. 216 217 218 219 220 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]