Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 227 из 315



Цi далёка яшчэ да яго, да гэтага царства? Што мне да таго! Аднак не слабне ад гэтага мая вернасць - на гэтым стаю, стаю моцна, на абедзвюх нагах,

- на гэтай вечнай аснове, на цвёрдых, створаных ад пачатку камянях, на найвышэйшых цвярдынях спрадвечных гор, дзе сыходзяцца вятры, як каля мяжы бураў, пытаючыся - дзе? куды? адкуль?

Смейся, смейся, добрая лютасць мая! Скiдай унiз у далiны свой смех, якi ззяе пагардай! Сама цудоўных рыбiн сярод людзей прынадзь ззяннем сваiм!

I ўсё, што належыць мне ва ўсiх морах, тое, што ва ўсiм - маё-i-мне: гэта вылавi мне, гэта дастань з глыбiняў наверх. Вось чаго чакаю я, сама лiхi з усiх лаўцоў.

Далей, далей, мая вуда! Глыбей апускайся, прынада шчасця майго! Вылi па кроплi сваю найсаладзейшую расу, мёд майго сэрца! Угрызiся, кручок мой, у жывот усякаму чорнаму смутку!

Далей, далей, позiрк мой! О, як многа навокал мораў, колькi мiгае агнёў чалавечай будучынi! О, якая чырвоная цiша над мною! Якая бясхмарная моўча!"

Крык пра дапамогу

На другi дзень Заратустра зноў сядзеў на каменi каля пячоры, тым часам як звяры турлялiся па свеце, шукаючы есцi, а таксама новага мёду: бо Заратустра звёў i змарнаваў увесь стары мёд да апошняй кроплi. I вось, як гэта сядзеў ён з кiем у руцэ i абводзiў iм свой цень на зямлi, i разважаў, - але не пра сябе i не пра свой цень разважаў, - уздрыгнуў ён раптам ад перапалоху, бо побач са сваiм ценем убачыў нечы iншы. I калi ён хутка абярнуўся i ўстаў на ногi, убачыў перад сабою таго самага празарлiўца, у якога аднаго разу еў i пiў за сталом, таго самага першавеснiка вялiкай стомы, якi павучаў: "Усё адно нiшто не дае ўзнагароды, свет не мае сэнсу, веды - душаць". Але з таго часу змянiўся ягоны твар, i калi Заратустра зiрнуў яму ў вочы, зноў здрыганулася сэрца ягонае: так многа злавесных азнакаў i попельна-шэрых маланак прабегла па гэтым твары.

I празарлiвец, здагадаўшыся, што робiцца ў душы ў Заратустры, правёў рукою па сваiм твары, быццам хочучы начыста сцерцi з яго гэтыя злавесныя знакi; так зрабiў i Заратустра. I тады, ачуўшыся, яны працягнулi адзiн аднаму рукi, на знак таго, што гатовыя апытацца.

|< Пред. 225 226 227 228 229 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]