Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 228 из 315



"Прашу ласкава, прароча вялiкай стомы, - сказаў Заратустра, - нездарма ты быў калiсьцi маiм госцем i застольнiкам. Будзь iм i сёння, еж i пi за сталом у мяне, i не наракай, калi побач з табой будзе сядзець вясёлы стары!" - "Вясёлы стары? - перапытаў празарлiвец, пахiтаўшы галавой. - Хто б ты нi быў i кiм бы нi хацеў зрабiцца, о Заратустра, надта доўга жыў ты тут, угары, - скора ўжо не будзе сушаю тое месца, дзе стаiць твой човен!" - "А хiба я на сушы?" - адказаў Заратустра, смеючыся. "Хвалi вялiкай нягоды i скрухi падымаюцца ўсё вышэй i вышэй вакол тваёй гары, - сказаў вяшчун, - неўзабаве падхопяць яны твой човен i панясуць цябе разам з iм". Заратустра маўчаў i даваўся дзiву. "Хiба ты не чуеш? - казаў далей вяшчун, не чуеш глухога шуму, якi падымаецца з глыбiнi?" Заратустра ўсё яшчэ маўчаў i прыслухоўваўся: i вось - пачуў ён доўгi цягучы крык, якi безданi кiдалi адна адной, перадаючы ўсё далей i далей, бо нiводная не хацела пакiнуць яго ў сабе: так злавесна гучаў ён.

"Ты, фатальны першавеснiк, - сказаў нарэшце Заратустра, - гэта ж крык на дапамогу, чалавечы крык, i, падобна на тое, што ляцiць ён з цёмных глыбiняў невядомага мора. Хоць, зрэшты, што мне да чалавечых бедаў! Але апошнi грэх, якi застаўся ўва мне, - цi ведаеш ты назвiска яго?"

Спагада! - адказваў вяшчун з глыбiняў перапоўненага сэрца, падняўшы ўгору свае рукi. - О Заратустра, я прыйшоў, каб увесцi цябе ў твой апошнi грэх!"

I як толькi прамовiў ён гэтыя словы, зноў пачуўся крык, яшчэ працяглейшы i сумотнейшы, чым раней, але ўжо крыху блiжэй.

|< Пред. 226 227 228 229 230 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]