Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
262 из 315
З табою я развучыўся верыць у словы, у каштоўнасцi, у вялiкiя iмёны. Калi д'ябал скiдае скуру, iмя ягонае цi ж не спадае разам з ёю? Iмя - таксама скура. Магчыма, i сам д'ябал - не болей чым абалонка.
"Няма нiчога праўдзiвага, усё дазволена" - так даводзiў я сабе. У сама халодныя воды кiдаўся я галавою i сэрцам. О, як часта праз гэта стаяў я голы i чырвоны як печаны рак!
Шкада, куды падзелася з мяне ўсё добрае, усякi сорам, вера ў добрых! Дзе тая iлжывая нявiннасць, якая была ў мяне калiсьцi, нявiннасць добрых i iх шляхетнай маны!
Сапраўды, часта-часта iшоў я па пятах за iсцiнай: i вось яна адкiнула мяне. I часта здаралася, што якраз тады, калi я наўмысна хлусiў, я дакранаўся да iсцiны.
Вельмi многае зрабiлася мне ясна, i таму перастала цiкавiць. Памерла ўсё, што я любiў. Як жа цяпер мне любiць сябе?
"Жыць, каб жыццё было радасцю, альбо зусiм не жыць" - так хачу я, так хоча i праведнiк. Але шкада! Цi ёсць яшчэ ў мяне радасць?
Цi ёсць у мяне мэта? Тая гавань, да якое ляцiць мой ветразь?
Вецер у дарогу? О, толькi той, хто ведае, куды плыве, ведае, якi вецер - у дарогу, якi нясе ў мора.
Што ж яшчэ засталося ў мяне? - Стомленае, дзёрзкае сэрца; нясталая воля; панiклыя крылы; змуляны хрыбет.
А пошукi маёй радзiмы! О Заратустра, ты ведаеш, што пошукi гэтыя былi цяжкiм выпрабаваннем, i вось растае мая сiла.
"Дзе ж мой дом?" - пра гэта i пытаўся я i нястомна шукаў яго, але так i не знайшоў. О вечнае "Усюды", вечнае "Нiдзе", о вечнае "Марна"!
Так гаварыў цень, i выцягваўся твар у Заратустры ад яго слоў.
|< Пред. 260 261 262 263 264 След. >|