Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
263 из 315
"Так, ты мой цень! - вымавiў ён нарэшце жалобна.
Немалая небяспека пагражае табе, ты, вольны дух i вандроўнiк! Кепскi выдаўся табе дзень: глядзi, каб не дагнаў цябе яшчэ горшы вечар!
Такiя валацугi, як ты, канчаюць так, што нават турма здаецца iм шчасцем. Цi бачыў ты калi, як спяць злачынцы ў вязнiцы? Яны спяць спакойна, цешацца такой нязвыклай у iх бяспекаю.
Сцеражыся, каб урэшце не захапiла цябе якая-небудзь вузкая вера, прывiд нерухомы i суровы! Бо вось ужо i цяпер цябе спакушае i паняверыць усё абмежаванае i непарушнае.
Ты страцiў мэту: шкада, як знябыцца, як пазбыцца табе гэтай страты? Разам з мэтаю ты страцiў i шлях?
Нябогi бадзяга, летуценнiк, стомленая матылка! Цi не хочаш ты на гэты вечар здабыць прыстанак i спакой? Iдзi ж наверх у маю пячору!
Вось дарога, яна завядзе да пячоры. А я спяшаюся i пакiну цябе. I быццам ужо нейкi цень насоўваецца на мяне.
Каб зноў засвятлела вакол мяне, пайду далей адзiн. Бадзёрасць i радасць, а няхай жа яны будуць са мною ў дарозе! А ўвечары ў мяне будуць танцы!.."
Так сказаў Заратустра.
Аполуднi
А Заратустра ўсё бег i нiкога больш не сустракаў. Шмат гадзiн быў ён адзiн, знаходзiў сябе зноў i зноў, сёрбаў сваю адзiноту, цешыўся асалодай i думаў пра розныя добрыя рэчы. Але аполуднi, калi сонца стаяла проста над галавой, ён праходзiў каля старадрэвiны, крывое, з гузаватымi сукамi, любоўна i шчодра ўвiтае вiнаграднай лазой i схаванае ёю ад самое сябе: сакавiтыя жоўтыя гронкi звiсалi з дрэва на спакусу дарожнiку.
|< Пред. 261 262 263 264 265 След. >|