Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
264 из 315
Заратустра ўжо хацеў быў спатолiць лёгкую смагу i нават працягнуў быў руку па гронку, калi iншае, мацнейшае жаданне апанавала яго, захацелася яму легчы апоўднi ў зацiшку дрэва i заснуць.
Так ён i зрабiў; i як толькi лёг сярод таямнiчай цiшынi разнатраўя, адразу забыўся пра смагу i заснуў. Бо, як кажа Заратустрава прымаўка, патрэба за патрэбу патрэбнейшая. Але вочы яго не спалi: не маглi яны наталiцца раскошаю дрэва i любоўю лазы вiнаграднай i нахвалiцца iмi. А засынаючы, так казаў Заратустра сэрцу свайму:
"Цiха! Цiха! У гэтую хвiлiну свет цi ж зрабiўся дасканалы? Што са мною?
Як пяшчотны вятрэц нябачна скача па цiхiм, гладкiм моры, лёгкi, быццам пёрка, так сон скача па мне.
Ён не стуляе вачэй маiх, душа мая чувае. Сапраўды, няважкi ён, быццам парушынка!
Ён угаворвае мяне, сам не ведаю - як? Аднекуль з сярэдзiны падае ён ласкавую руку i злёгку дакранаецца да мяне; ён схiляе душу маю пацягнуцца, раскiнуцца: i пацягваецца яна, мая стомленая, дзiвосная душа! Цi не настаў у яе якраз у гэты полудзень вечар сёмага дня? Альбо надта доўга блукала яна, шчасная, сярод добрых i спелых рэчаў?
Яна выцягваецца i робiцца доўгая-доўгая! Цiха ляжыць яна, дзiўная, душа мая. Надта многа добрага скаштавала яна, i ёй дакучае залатая журба, i крывяцца вусны ў яе.
Быццам карабель, якi ўваходзiць у цiхую бухту i прычальвае да берага, стомлены доўгiмi падарожжамi i невядомымi морамi.
|< Пред. 262 263 264 265 266 След. >|