Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 27 из 315



Яна ўжо не можа рабiць таго, да чагонайболей iмкнецца, - тварыць звыш сябе. Гэтага яна хоча найболей, i ў гэтым яе найбольшае жаданне.

Аднак ёй ужо позна iмкнуцца да гэтага: i вось - Самасць прагне пагiбелi.

Вашая Самасць жадае смерцi - таму i аддалi вы цела пагардзе! Бо вы ўжо не можаце тварыць звыш сябе.

Вось чаму абураецеся вы на жыццё i на зямлю. Неўсвядомленая зайздрасць хаваецца ў косым позiрку вашай пагарды.

Не, не пайду я па вашай дарозе, вы, пагарднiкi цела! Вы мне не кладка да Звышчалавека!

Так сказаў Заратустра.

Пра радасцi i шалы

Браце мой, калi ёсць у цябе цнота, i калi яна твая цнота, дык навошта, каб ты валодаў ёю супольна з усiмi.

Вядома, табе хочацца лашчыць яе i называць iмем, жартуючы, тузаць за вуха i быць з ёю запанiбрата.

Глядзi ж! Цяпер iмя, якiм ты назваў яе, зрабiлася супольным, i ты сам зрабiўся часцiнай народу i натоўпу разам з цнотаю сваёю!

Лепш, калi ты скажаш: "Нельга нi выказаць, нi назваць iмем тое, што ёсць пакута i слодыч маёй душы, а таксама голад майго нутра".

Хай будзе твая цнота занадта высокая, каб даваць ёй iмя: а як давядзецца табе гаварыць пра яе, не саромейся заiкацца.

А заiкаючыся, кажы так: "Гэта маё дабро, i я люблю яго; яно падабаецца мне ўсё цалкам, i я адзiн хачу дабра.

Нi патрэбы маёй натуры, нi божага закону, нi чалавечага ўстанаўлення я не хачу бачыць у цноце маёй; не хачу, каб яна стала мне ўказнiцай дарогi на неба, у рай.

|< Пред. 25 26 27 28 29 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]