Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
26 из 315
Але важнейшае, хоць ты i не хочаш у гэта паверыць, шмат важнейшае тваё цела i яго вялiкi розум; яно не кажа "Я", яно творыць яго.
Усё, што адчувае пачуццё, што спазнае дух, нiколi не мае ў сабе свайго канца. Але пачуццё i дух хочуць давесцi табе, што яны - канец усiх рэчаў: так яны любяць славу.
Пачуццё i дух - толькi прылады i цацкi: за iмi крыецца Самасць. Самасць шукае вачыма пачуццяў i слухае вушамi духу.
Самасць заўсёды слухае i шукае: яна параўноўвае, падпарадкоўвае, заваёўвае i разбурае. Яна пануе i загадвае нават твайму "Я".
За думкамi i пачуццямi тваiмi, браце мой, стаiць магутны валадар, невядомы мудрэц - Самасць яго iмя. У тваiм целе жыве ён, ён i ёсць тваё цела.
У цела больш розуму, чым у тваёй найвышэйшай мудрасцi. I хто ведае, навошта ўвогуле патрэбна целу твая найвышэйшая мудрасць?
Твая Самасць смяецца з твайго Я i яго гордых падскокаў. "Што мне тыя выдыганнi i ўзлёты думкi? - кажа яна сабе. - Бакавая дарога да маёй мэты. Я толькi шлейка майму "Я", i ўдыхаю ў яго ягоныя паняццi.
Самасць умаўляе "Я": "тут адчувай радасць!" I "Я" радуецца i думае, як яму скаштаваць гэтай радасцi, - яно ж i павiнна так думаць.
Пагарднiкам цела хачу я сказаць сваё слова. З пашаны ўзнiкла iхняя пагарда. Што ж гэта такое, што стварае пагарду i пашану, каштоўнасць i волю?
Творчая Самасць стварыла сабе пагарду i пашану, гэта яна - творца радасцi й смутку. Творчае цела зрабiла сабе розум як прыладу сваёй волi.
Нават у дурасцi i ў пагардзе вы, пагарднiкi цела, служыце Самасцi. Я кажу вам: вашая Самасць хоча памерцi i адварочваецца ад жыцця.
|< Пред. 24 25 26 27 28 След. >|