Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
304 из 315
П'янаяпесня
1
Тым часам усе выйшлi на свежае паветра, у халаднаватую задуменнасць ночы; Заратустра вёў за руку сама брыдкага чалавека, каб паказаць яму свой начны свет, вялiкi круглы месяц i серабрыстыя вадаспады каля пячоры. I вось нарэшце ўсе гэтыя людзi - ужо немаладыя, але з суцешанымi i бадзёрымi сэрцамi - усталi поплеч i дзiвавалi самыя сябе, што iм так добра на зямлi; i таямнiца ночы ўсё глыбей i глыбей пранiкала ў iх сэрцы. I зноў падумаў Заратустра: "О, якiя любасныя мне цяпер гэтыя вышэйшыя людзi!" - але не сказаў гэтага ўголас, бо ўшанаваў iх шчасце i маўчанне.
Але тут здарылася сама дзiвоснае з усяго, што сталася за гэты доўгi i дзiвосны дзень: сама брыдкi чалавек зноў, цяпер ужо апошнi раз пачаў хрыпець i клекатаць, а калi, нарэшце, дайшло да слоў, - вусны ў яго ясна i выразна выдалi пытанне, пытанне такое частае, глыбокае i зразумелае, што ва ўсiх, хто пачуў яго, замлела ў грудзях сэрца.
"О вы, сябры мае, - спытаўся сама брыдкi чалавек, - што робiцца ў вашых душах? Дзякуючы гэтаму дню, упершыню ў жыццi сваiм я задаволены, што пражыў яго,
- i не стамляюся я сведчыць пра тое, што варта жыць на зямлi: адзiн дзень, адно свята з Заратустрам навучылi мяне любiць яго.
"Дык гэта было жыццё? - скажу я смерцi. - Што ж! Яшчэ раз!"
Сябры мае, што робiцца ў душах у вас? Цi гатовыя вы, як i я, сказаць смерцi: "Дык гэта было жыццё? Што ж! Яшчэ раз!"
Так сказаў сама брыдкi чалавек, а ўжо было пад поўнач.
|< Пред. 302 303 304 305 306 След. >|