Так сказаы Заратустра (на белорусском языке) :: Ницше Фридрих Вильгельм
Страница:
305 из 315
I як вы думаеце, што сталася тады? Як толькi вышэйшыя людзi выслухалi яго, яныўсвядомiлi пераўтварэнне i выздараўленне сваё i зразумелi, хто прынёс iм усё гэта. I тады кiнулiся яны да Заратустры, поўныя шацунку, любовi i ўзнання, цалавалi яму ў рукi i, як каму адпавядала ў лад душы, адны смяялiся, другiя плакалi. А стары вяшчун скакаў ад замiлаванасцi; i калi, як думаюць многiя апавядальнiкi, ён быў упiты салодкiм вiном, дык, несумненна, намнога больш ап'янела ягоная радасць жыцця, бо ён зрокся ўсякае стомы. Некаторыя нават кажуць, што скакаў i асёл: вiдаць, невыпадкова сама брыдкi чалавек напаiў яго вiном. Цi было яно так, няважна, але калi нават асёл i не скакаў у той вечар, дык адбылiся дзеi больш дзiўныя i дзiвосныя. Адным словам, як кажа Заратустрава прыказка: "Што з таго!"
2
А Заратустра, пакуль адбывалася ўсё, што тут апiсана, стаяў, як п'яны: згасаў яго позiрк, язык заплятаўся, ногi падкошвалiся. I хто б мог адгадаць, якiя думкi праносiлiся тады ў душы ў яго? Аднак было вiдавочна, што дух ягоны адступiўся i пайшоў назад, i памкнуўся наперад, i быў недзе ў далёкай будучынi, i быццам трываў, як напiсана, "над горнымi пераваламi, памiж двух мораў,
- блукаючы, быццам цяжкая хмара, памiж мiнулым i будучым".
Але вышэйшыя людзi падтрымлiвалi яго з усiх бакоў, i памалу ён ачуўся i адхiлiў рукою натоўп заклапочаных шанавальнiкаў. Раптам ён хутка павярнуў галаву, быццам пачуў нешта, i, прыклаўшы палец да вуснаў, сказаў: "Iдзе!"
I адразу атачылi яго цiшыня i таемнасць, а з глыбокай далечынi пачуўся доўгi, працяглы гуд звона.
|< Пред. 303 304 305 306 307 След. >|