Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 313 из 315

Але калi ён, махаючы рукамi, адхiляў ад сябе птушак, якiя пяшчотлiва акружалi яго з усiх бакоў, сталася яшчэ больш дзiвоснае: бо нечакана для сябе ён запусцiў рукi ў касмылi густой, цёплай поўсцi; i адразу пачуўся рык - працяглы, але рахманы iльвiны рык.

"Азнака праўдзiцца", - сказаў Заратустра, i сэрца ў яго перамянiлася. I сапраўды, калi прасвятлела, ён убачыў, што каля ягоных ног ляжыць магутны звер з жаўтлявай поўсцю, якi прынiк галавою да ягоных каленяў i, поўны любовi, не хацеў адыходзiць ад яго, быццам сабака, якi знайшоў свайго гаспадара. Аднак i галубы выказвалi не менш гарачую любоў, чым леў; i кожны раз, як якi-небудзь голуб пралятаў над носам iльва, той трос галавой i смяяўся, даючыся дзiву.

На ўсё гэта Заратустра сказаў толькi адно: "Дзецi мае блiзка, дзецi мае", - i пасля гэтага замоўк зусiм. Аднак развязалiся повязi сэрца яго, з вачэй пабеглi слёзы i пачалi падаць на далонi. I больш ужо ён нiчога не заўважаў i сядзеў нерухома, не адмахваўся ад птушак, якiя яго акружалi. Галубы адляталi i прыляталi, садзiлiся яму на плечы, лашчылi яго сiвiзну i не стамлялiся ў пяшчоце сваёй i радасцi. А магутны леў няспынна злiзваў слёзы, якiя падалi на рукi Заратустры, рахмана пры гэтым рыкаючы. Так паводзiлi сябе звяры.

Усё гэта доўжылася даволi працягла, а можа, наадварот, нядоўга: бо на самай справе ў такiх рэчаў наогул не бывае часу на зямлi.

|< Пред. 311 312 313 314 315 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]