Так сказаы Заратустра (на белорусском языке)   ::   Ницше Фридрих Вильгельм

Страница: 312 из 315



"О вялiкае свяцiла, - сказаў ён, як ужо казаў аднаго разу, - ты глыбокае вока шчасця, у чым было б тваё шчасце, калi б не было ў цябе тых, каму ты свецiш!

I калi б яны заставалiся ў жытлiшчах сваiх, калi ты ўжо чуваеш, i ўзыходзiш, i дорыш, i надзяляеш, як бы абурылася гэтым твая гордая сарамяжлiвасць!

Што ж! Яшчэ спяць яны, гэтыя вышэйшыя людзi, тым часам як я ўжо чуваю: не яны мае сапраўдныя паслядоўцы! Не iх я чакаю тут у маiх гарах.

За працу я хачу ўзяцца i пачаць свой дзень: але не разумеюць яны азнакаў маёй ранiцы, i не клiч да абуджэння для iх маё крокi.

Яны яшчэ спяць у маёй пячоры, iх сонныя летуценнi апiваюцца маiмi песнямi ап'янення. Аднак вушэй, якiя слухаюць мяне - слыху, якi слухаўся б маiх слоў, - гэтага iм бракуе".

Так сказаў Заратустра свайму сэрцу пры ўзыходзе сонца; i тут жа ён запытальна паглядзеў угору, бо ўжо чуў над галавою пранозлiвы крык свайго арла. "Што ж! - усклiкнуў ён. - Гэта мне падабаецца, так i павiнна быць. Звяры мае прачнулiся, бо прачнуўся я.

Арол мой чувае i, як i я, славiць сонца. Арлiнымi кiпцюрамi хапае ён новае святло. Вы мае, сапраўды мае звяры. Я люблю вас.

Але яшчэ не хапае мне сапраўды маiх людзей!"

Так сказаў Заратустра; але раптам пачуў вакол сябе трапятанне i шлопанне крылаў, быццам ад безлiчы птушак, i гэты шум, i мiтусня над галавою былi такiя вялiкiя, што ён заплюшчыў вочы. I сапраўды, здавалася яму, быццам цэлая хмара апусцiлася на яго, быццам хмара стрэл пасыпалася на толькi што прыдбанага ворага. Але гэта была хмара любовi над галавой толькi што прыдбанага сябра.

"Што гэта са мною?" - падумаў Заратустра, здзiўляючыся ў сэрцы сваiм, i павольна апусцiўся на вялiзны камень каля ўвахода ў пячору.

|< Пред. 310 311 312 313 314 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]