Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
41 из 99
Аднойчы, пачуўшы, што браты выехалi зь Вiльнi, вялiкi князь парушыў сваё слова i патаемна зьявiўся на Лукiшках. Але ўвайшоўшы ў палац, замест каханай Жыгiмонт Аўгуст убачыў братоў Мiкалая Чорнага i Мiкалая Рудога. Вялiкi князь ня стаў хiтраваць i абвесьцiў, што хоча ажанiца на Барбары. "Дай жа Бог", - адказалi браты i адразу паклiкалi сьвятара. Шлюб Жыгiмонта Аўгуста i Барбары Радзiвiл быў патаемны, i амаль год пра яго практычна нiхто ня ведаў. Толькi калi ў 1548 г. памёр Жыгiмонт Стары i вялiкi князь лiтоўскi Жыгiмонт Аўгуст атрымаў польскую карону, выявiлася, што малады кароль мае жонку-лiцьвiнку. Каб падвысiць статус сваёй сястры ў вачох польскага грамадзтва, Мiкалай Чорны адмыслова выехаў у 1547 г. з пасольствам у Вену, дзе атрымаў княскi тытул з рук iмпэратара Карла V.
На працягу некалькiх наступных гадоў Мiкалай Радзiвiл Чорны становiцца некаранаваным каралём Лiтвы. У яго руках засяродзiлiся найважнейшыя дзяржаўныя пасады нашай краiны. У 1549 г. ён атрымаў пасаду троцкага ваяводы, праз два гады стаў канцлерам Вялiкага Княства, а яшчэ праз год атрымаў вiленскае ваяводзтва (найважнейшая ваяводзкая пасада ў дзяржаве). Сьмерць каралевы не пахiснула даверу Жыгiмонта Аўгуста да Мiкалая Чорнага. Вялiкакняскiм прывiлеем ён атрымаў права захоўваць у сваiм архiве ў Нясьвiжы ўсе паперы i дакуманты, зьвязаныя з унутранай i зьнешняй палiтыкай Вялiкага Княства, прыраўноўваючы нясьвiскi архiў да дзяржаўнага. Улiчваючы, што Жыгiмонт Аўгуст большасьць часу знаходзiўся ў Польскiм Каралеўстве, фактычная ўлада ў краiне была сканцэнтраваная ў руках Мiкалая Радзiвiла.
|< Пред. 39 40 41 42 43 След. >|