Залаты век Беларуси (на белорусском языке)   ::   Акиньчиц Станислав

Страница: 62 из 99

Зямельная рэформа, або, як яе называюць, валочная памера, пачалася спачатку ў землях, што належалi вялiкаму князю, але пасьля яе падхапiла шляхта, праводзячы памеру ў сваiх маёнтках.

Валочная памера зьмянiла нават зьнешнi выгляд вёсак па ўсёй Беларусi. Яны сталi больш буйнымi, з характэрнай забудовай у адну вулiцу. I гэты iх выгляд прынцыпова не зьмянiўся да сёньняшняга дня. Яшчэ больш важным вынiкам рэформы сталася павелiчэньне грашовага абарачэньня, бо большасьць сялянаў была пераведзена з натуральнага падатку на грашовы - чынш, i таму мусiла зьвязвацца з рынкам. Акрамя таго была лiквiдаваная сялянская абшчына, бо сяляне атрымлiвалi ў спадчыну ў сваё карыстаньне валокi i выконвалi грашовыя i iншыя павiннасьцi паасобку, а ня ўсёй вёскаю. Дарэчы, падобныя рэформы былi праведзеныя ў Расейскай iмпэрыi толькi на пачатку XX стагодзьдзя прэм'ер-мiнiстрам Пятром Сталыпiным, якi меў маёнтак каля Гораднi i на ўласныя вочы бачыў вынiкi рэалiзацыi "Уставы на валокi". Сама валока аказалася настолькi трывалай гаспадарчай адзiнкай, што нават у XX стагодзьдзi беларускiя сяляне, набываючы зямлю, вымяралi яе валокамi.

Новая сыстэма гаспадараньня дала магчымасьць павялiчыць ураджаi збожжа, так што жыта i ячмень пачалi вывозiць на продаж за мяжу. Лiквiдацыя сялянскай абшчыны дазволiла разьвiваць разнастайную вытворчасьць, асаблiва зьвязаную зь перапрацоўкай драўнiны, бо частка сялянаў замест працы на зямлi пачала займацца рамяством. Зьявiлiся цэлыя паселiшчы смаляроў, катляроў, грабароў, шаўцоў, кавалёў.

|< Пред. 60 61 62 63 64 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]