Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
60 из 99
Адзiн зь лiдараў гэтага руху, Мацьвей Башкiн казаў, што яго настаўнiкамi былi "лiтвянiн аптекарь Матфей i другой лiтвянiн Андрей Хотеев". Калi маскоўскiя духоўныя i дзяржаўныя ўлады жорсткiмi рэпрэсiямi стлумiлi рэфармацыйны рух у Маскоўскiм царстве, частка вернiкаў уцяклi "ў Лiтву", або "ў Немцы", дзе "свабодна гучала Слова Божае".
У гэты час Вялiкае Княства Лiтоўскае перажывала ўздым ня толькi ў духоўным жыцьцi, але таксама ў эканомiцы i культуры. I менавiта Рэфармацыя стала прычынай гэтага ўздыму. Вучэньне Кальвiна, якое вялiкую ўвагу надавала характару чалавека i рэалiзацыi кожным свайго прызначэньня, асаблiва падкрэсьлiвала важнасьць якаснага выкананьня кожным сваiх абавязкаў, пры гэтым нiколi не задавальняючыся дасягнутым. Такi бiблiйны падыход да працы стварыў у Эўропе перадумовы ўзьнiкненьня рынкавай гаспадаркi. Падобныя працэсы адбывалiся i ў Беларусi.
Асаблiва спрыяла гэтаму аграрная рэформа, лiтаральна зьмянiўшая аблiчча Беларусi на працягу XVI стагодзьдзя. Iдэя рэформы, якая б дазволiла кожнаму селянiну быць непасрэдна адказным за сваю зямлю, належала каралеве Боне Сфорцы, жонцы вялiкага князя Жыгiмонта Старога. Актыўна падтрымлiваў каралеву ў яе пачынаньнях ейны духоўнiк Лiсманiнi, адзiн з прапаведнiкаў Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве, якi лiчыў, што прызначэньне чалавека найбольш поўна рэалiзуецца тады, калi ён мае сваю справу. Аднак рэформы каралевы Боны абмежавалiся толькi ейнымi ўладаньнямi ў Гарадзенскiм i Кобрынскiм староствах.
|< Пред. 58 59 60 61 62 След. >|