Залаты век Беларуси (на белорусском языке)   ::   Акиньчиц Станислав

Страница: 65 из 99

У лютым 1563 году Полацак быў захоплены. Па загаду цара Iвана ўсе, хто не хрысьцiўся па-праваслаўнаму, былi пасечаныя шаблямi або ўтопленыя ў Дзьвiне, мужчыны i жанчыны, старыя i дзецi. Усiх пазасталых палачанаў захопнiкi аб'явiлi палоннымi i пагналi на ўсход. У родны горад зь iх нiхто не вярнуўся, а сам Полацак быў заселены перасяленцамi з-за Масквы. Калi праз 16 гадоў войскi Стэфана Баторыя вызвалiлi Полаччыну, гэтая некалi самая заселеная зямля ў Вялiкiм Княстве ўяўляла сабою зарослую маладым лесам пустыню безь людзей i без жывёлы. Да сёньняшняга дня гэты край самы бязьлюдны ў Беларусi.

Такое разьвiцьцё падзеяў нарадзiла панiку сярод беларускай шляхты. На палявым сойме пад Вiцебскам было прынятае рашэньне аб далучэньнi Вялiкага Княства да Польскага Каралеўства. Але гэтым плянам iнтэграцыi рашуча супрацьстаў Мiкалай Радзiвiл Чорны. На Варшаўскiм сойме ў студзенi 1564 году, калi польскiя дэлегаты i Жыгiмонт Аўгуст узамен за дапамогу ў вайне патрабавалi лiквiдацыi Вялiкага Княства i ўваходжаньня яго ў склад Польшчы, вiленскi ваявода заняў адназначную пазыцыю ў пытаньнi незалежнасьцi сваёй краiны, не згаджаючыся нi на якiя саступкi. У гэты час Мiкалай Радзiвiл Руды на рацэ Ула, маючы 4 тысячы вершнiкаў, разграмiў 30-цi тысячнае маскоўскае войска. Пытаньне пра iнтэграцыю было закрытае. Аднак незалежнiцкая пазыцыя вiленскага ваяводы каштавала яму поўнага разрыву адносiнаў з каралём i вялiкiм князем Жыгiмонтам Аўгустам.

|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]