Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
75 из 99
Разам з генрыкаўскiмi артыкуламi будучаму манарху паставiлi таксама ўмовы, датычныя свабоды веравызнаньня ў самой Францыi. Гэтыя ўмовы патрабавалi, каб Карл IX абвесьцiў паўсюдную амнiстыю для гугенотаў, прызнаў свабоду веравызнаньня, вярнуў нашчадкам кальвiнiстаў, забiтых у ноч сьвятогы Баўтарамея, а таксама эмiгрантам, маёмасьць i годнасьць, дазволiў свабодна праводзiць кальвiнскiя набажэнствы i зьняў аблогу гугеноцкiх крэпасьцяў. Францускi пасол Жан дэ Манлюк прыняў ад iмя будучага манарха гэтыя ўмовы, чым у значнай меры паспрыяў выбраньню Генрыка Валуа каралём Рэчы Паспалiтай.
Адразу пасьля выбараў пасольства Рэчы Паспалiтай Двух Народаў накiравалася на берагi Сэны. Парыж зь неахвотай пагадзiўся на ўмовы беларускiх i польскiх кальвiнiстаў. Была зьнятая аблога Ля Рашэлi, гэтаму гораду i яшчэ двум iншым было дазволена публiчна праводзiць эвангельскiя служэньнi, а прыватныя набажэнствы дазвалялiся па ўсёй краiне. Прыезд пасольства выратаваў ад зьнiшчэньня гугеноцкi горад Сансэру, у якiм на момант зьняцьця аблогi засталася толькi адна бочка пораху. Рэлiгiйная вайна ў Францыi была спынена на добрых некалькi гадоў. Беларускiя i польскiя кальвiнiсты супольнымi намаганьнямi прымусiлi францускага караля даць свабоду сваiм братам па веры.
На колькi прыклад Рэчы Паспалiтай заахвочваў Францыю да талерантнасьцi, на столькi прыклад Францыi быў для паслоў Рэчы Паспалiтай яшчэ адным падцьвярджэньнем слушнасьцi сваёй паставы. Яны праяжджалi праз спаленыя вёскi i зруйнаваныя мястэчкi, бачылi голад i зьнiшчэньне на ўсiм сваiм шляху.
|< Пред. 73 74 75 76 77 След. >|