Залаты век Беларуси (на белорусском языке) :: Акиньчиц Станислав
Страница:
76 из 99
Таму з тым большай настойлiвасьцю патрабавалi ад Генрыка Валуа прысягнуць, згодна з генрыкаўскiмi артыкуламi, захаваньне свабоды веры, сумленьня i слова. Калi пад час урачыстай iмшы ў Нотрэ-Дам будучы кароль Рэчы Паспалiтай паспрабаваў абмiнуць гэтыя параграфы артыкулаў, адзiн з паслоў, Ян Збароўскi, на вачах усяго каралеўскага двара сказаў: "Si non iurabis, non regnabis" (Не прысягнеш, ня будзеш каралём). Прыйшлося Генрыку Валуа падцьвердзiць артыкулы Варшаўскай канфэдэрацыi. Пад час каранацыi ў Кракаве 20 лютага 1575 году сцэна з Нотрэ-Дам паўтарылася. Зноў Валуа паспрабаваў абмiнуць невыгодныя словы пра свабоду веравызнаньня. Тады Ян Фiрлей, маршалак каронны, i Мiкалай Радзiвiл Руды, вялiкi гетман лiтоўскi, не дазволiлi працягваць каранацыю, пакуль усе пункты прысягi ня будуць названыя, у тым лiку абавязацельства не перасьледваць нiкога за веру. Францускi каралевiч саступiў i стаў каралём i вялiкiм князем Генрыкам I, а артыкулы Варшаўскай канфэдэрацыi набылi сiлу закону. Праўда, караляваньне новага манарха доўжылася ўсяго чатыры месяцы. Даведаўшыся пра сьмерць свайго брата, Карла IX, Генрык Валуа ў чэрвенi 1575 году ўцёк з Кракава, каб стаць францускiм каралём Генрыкам III, а для Рэчы Паспалiтай Двух Народаў зноў пачалося бескаралеўе.
У наступным годзе прайшлi новыя выбары, i каралём стаў сямiгародзкi гаспадар Стэфан Баторы. Новы манарх адразу заявiў, што ён пануе над народам, а не над сумленьнямi, i без анiякiх хiтрыкаў падпiсаў генрыкаўскiя артыкулы.
|< Пред. 74 75 76 77 78 След. >|