Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 103 из 173



Двое «дрывасекаў» сталі з абодвух бакоў на заднія лапы, абаперліся яшчэ на хвасты і ўзяліся за працу так, што толькі трэскі пасыпаліся. Трэці зноў палез на сваю хату, чацвёрты пачаў цягнуць з берага дрэўца таўшчынёю з руку чалавека. Цяжкая праца! Таргане крыху – і адпачывае. Яму на дапамогу прыйшоў новы таварыш.

З захапленнем наглядалі хлопцы гэты малюнак.

Тым часам дрэва хіснулася, храснула. «Дрывасекі» адскочылі ўбок, а рэшта баброў кінулася ў ваду.

– Слухай! Яны ж могуць прыстукнуць нас! – з жахам прашаптаў Мірон.

Віктар і сам гэтага баяўся. Ён пільна прыглядаўся, у які бок думае валіцца дрэва, але пакуль што пазнаць было нельга. Дрэва патрэсквала і хісталася. Бабры падскочаць, грызануць і зноў адскочаць. Але падгрызалі яны з боку вады, або, лепш сказаць, грэблі.

– Яно павінна туды паваліцца, – прашаптаў Віктар.

Аднак поўнай упэўненасці ў гэтым не магло быць. Хлопцы рызыкавалі. Толькі вострая цікавасць і запал утрымлівалі іх на месцы.

Вось ужо дрэва хіліцца на той бок. Храснула апошні раз і са страшэнным трэскам шаснула на грэблю.

Ад гэтага шуму нават «дрывасекі» схаваліся ў ваду.

– Але ж малайцы! – з захапленнем прамовіў Мірон. – Такая драбната, а гэткае дрэва звалілі!

– Ціха! Паглядзім, што далей будзе, – прашаптаў Віктар.

А далей… далей адбылося нешта ўжо зусім неспадзяванае. У лесе пачуліся галасы і сярод дрэў мільганулі… два чалавекі!

– Людзі! – радасна крыкнуў Віктар і хацеў быў ускочыць.

Пазней Мірон зусім не мог прыпомніць і растлумачыць, што з ім тады здарылася.

|< Пред. 101 102 103 104 105 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]