Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
101 из 173
Але ж затое бачыць павінен быў.
– Мусіць, спіць, – сказаў Віктар. – Паспрабуем падкрасціся.
І яны пачалі красціся так ціха, што нават адзін аднаго не чулі. Толькі сэрца калацілася моцна-моцна. Крок за крокам пасоўваліся наперад. Вось ужо заяц відаць зусім выразна. Ляжыць на жываце, падкурчыў ногі, вушы натапырыў, а сам глядзіць хлопцам у вочы. Нават нейкі жах ахапіў таварышаў.
Чым бліжэй, тым больш хваляваліся яны. Вядома, ён зараз ускочыць і ўцячэ! Але заяц не рухаўся…
Апошнія пяць крокаў для хлопцаў былі такімі пакутнымі, што нават бадзянне па балоце (як яны казалі потым) здавалася ім лягчэйшым. Нявыказаная напружанасць, надзея, жах, што вось-вось уцячэ, зноў надзея, боязь, што пад нагою ў каго-небудзь з іх хрусне галінка, – усё гэта было надзвычайна цяжкім перажываннем.
Вось Мірон замахнуўся дубінай – і заяц забіты…
– Эх! – вырвалася ў абодвух хлопцаў, нібы яны перанеслі вялікі цяжар.
– Якім чынам гэта магло здарыцца? – не верыў сваім вачам Мірон.
– З імі гэта здараецца. Мая бабуля казала, што аднаго разу, калі збірала ягады, дык яна сама натрапіла на такога зайца. Але чамусьці яна пабаялася хапаць яго голымі рукамі і пачала адвязваць фартух. Заяц прачнуўся і ўцёк.
Вялікая была радасць хлопцаў, але не меншыя былі і скаргі на тое, што няма нажа, калі прыйшлося зайца разбіраць.
– Дзіўная рэч! – заўважыў з гэтага поваду Мірон. – Кожны раз мы скардзімся на гэта тады, калі трэба радавацца, калі ёсць што есці.
|< Пред. 99 100 101 102 103 След. >|