Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
102 из 173
А калі няма чаго есці, мы не скардзімся.
– А ты ўсё мудрагеліш ды філасофію разводзіш з кожнага глупства, – упікнуў Віктар.
XV
Бабровая гаспадарка. – Неспадзяваная небяспека. – Збаўцы-ворагі. – Чужыя гаспадары. – Рэшткі ад чужога стала. – Сур'ёзная памылка.
Такім чынам высветлілася, што ў бліжэйшыя дні няма чаго спадзявацца на вызваленне. Некалькі часу яны маглі пра гэта не думаць. А запас спажывы дазваляў ім дні са два адпачыць. Гэтае становішча скарыстаў Віктар і прапанаваў, не адкладваючы, на другі ж дзень, ісці наглядаць баброў.
– Толькі, брат, запасіся цярплівасцю! – папярэдзіў ён. – Бо прыйдзецца сядзець і не варушыцца, можа, некалькі гадзін. Абяцаеш?
– Ды ўжо ж! – адказаў Мірон, бо ён і сам цікавіўся не менш за свайго таварыша.
Падышлі яны так ціха, што нават не спудзілі бабра, які нешта майстраваў на сваёй хаце. Аднак, калі хлопцы пачалі масціцца на сваім месцы, бабёр даў нырца і знік.
Хутка з вады зноў высунулася тупая, круглая галава. Праз хвіліну – другая, трэцяя. Двое падышлі да пачатага дрэва і ўзяліся за працу. Якія яны былі смешныя, нязграбныя! Хвост шырокі, нібы рыдлёўка, і пакрыты не поўсцю, а нейкай лускай. Пальцы задніх ног злучаны плеўкай, як у гусей. На пярэдніх жа пальцах плеўкі няма, затое кіпцюры вострыя, а на другім пальцы нават падвойныя. Густая бураватая поўсць аж блішчыць на сонцы.
|< Пред. 100 101 102 103 104 След. >|