Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
122 из 173
– І высушыць, – дадаў Віктар.
Знялі мяса і ўзяліся за новую справу. Адразу выявілася, што сушыць нельга, бо не было чым парэзаць на тонкія лусты. Пачалі кавалкамі пячы. Да ночы ў шалашы было ўжо шмат печаных кавалкаў.
Мірон дадумаўся нават да рацыяналізацыі. Таму што солі, якая ў іх была, не хапала, каб пасаліць мяса, ён засаліў крыху вады і памачыў у ёй кавалкі мяса.
– Гэта пойдзе ў лік пайка, – звярнуўся ён да Віктара. – Дадаваць да такога кавалка яшчэ солі ты не будзеш мець права.
– Я і не думаю, абы толькі захаваць на лішні дзень.
– Але ў адну кучу іх усе класці нельга, каб не загніліся, – прамовіў Мірон і азірнуўся навакол.
– Тады паложым іх у хлеў, – сказаў Віктар. – Пакуль што ён у нас пусты.
Там на сухіх галінках і расклалі кавалкі паасобку. Гаршкі пакінулі сушыцца над агнём.
– Мы ж забыліся пра нашых пчол, – сказаў Віктар, калі яны паляглі ўжо спаць.
– Туды пойдзем заўтра раніцою, – адказаў Мірон.
Назаўтра ўзялі з сабой адзін з гаршкоў, палажылі туды вугольчыкаў і пайшлі па мёд. Пад дрэвам расклалі агонь. Але як выкурыць пчол там, наверсе?
– Я палезу туды, а ты мне падасі тычку запаленага моху, – прапанаваў Віктар.
– Каб знайсці добрую жэрдку, дык лепш было б з зямлі прасунуць, – сказаў Мірон. – Спакайней, ды і табе не прыйшлося б цярпець.
Вышыня была такая, што адпаведную жэрдку можна было знайсці. Знайшлі добрую арэшыну, запалілі камяк моху і прасунулі ў дзірку.
|< Пред. 120 121 122 123 124 След. >|