Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
123 из 173
Як загуло там! Хлопцызараз жа адбегліся, але зноў падысці не маглі: раз'юшаныя пчолы лёталі навакол і, відаць, зусім не думалі адлятаць. Нарэшце хлопцы вымушаны былі пакінуць іх, каб прыйсці ў другі раз. Перад адыходам Мірон яшчэ запхнуў камяк, хоць і пацярпеў за гэта: два гузакі ўсхапіліся на твары.
Пакінулі гаршчок каля дрэва, а самі пайшлі на сваё абследаванне. Зноў пачалася такая ж пакутная і бескарысная праца. Гадзіны чатыры яны бадзяліся каля балота і вярнуліся без нічога, як заўсёды. Па дарозе яшчэ раз наведалі пчол. На гэты раз там было ўжо ціха. Толькі дзе-нідзе жаласна звінела адзінокая пчала.
Насілу Віктар выцягнуў з дупла соты. Але здабыча была вельмі малая: усё чарва.
– Ды гэтага і чакаць трэба было, – сказаў Мірон. – Новага мёду не маглі яшчэ назбіраць. Засталіся толькі леташнія рэшткі.
– Дзякуй і за гэта. Шклянка добрая набярэцца, – казаў Віктар, аблізваючы пальцы.
– Цяпер мы жывём! – разважаў Мірон, калі ішлі назад. – Калі ўзяць, напрыклад, ды змяшаць з мёдам ліпавае лісце, дык будзе такая страва, ад якой ніхто і дома не адмовіўся б. Пасля мяса гэта будзе вельмі дарэчы.
– Пачакай цешыцца, – усміхнуўся Віктар. – Можа, звар'яцееш яшчэ.
– Чаму так? – прыпыніўся Мірон.
– Забыўся? А можа, гэта мёд з той цудоўнай азаліі?
– Ну, не. Столькі не набяруць.
– Калі не зусім, дык крыху ашалееш.
З гэткімі гутаркамі яны весела ішлі дадому і не думалі пра тое, што іх там магло чакаць.
|< Пред. 121 122 123 124 125 След. >|