Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
121 из 173
– Дзіўная рэч, – казаў Віктар, – цяпер я ем кожную лісціну з большым смакам і ахвотай, як тады, калі два дні нічогане еў.
– Гэта таму, – растлумачыў Мірон, – што наш арганізм патрабуе змены стравы, патрабуе зеляніны ці наогул чаго-небудзь расліннага.
Паміж іншым, на галіне ліпы яны заўважылі нейкую цікавую расліну. Гэта быў нібы куст з доўгімі сцябламі, дробным светленькім лісцем і дробненькімі жоўценькімі кветкамі. Прыладзіўся ён на галіне стажком і, здаецца, з зямлёй ніякай сувязі не меў. Калі ўбачыў яго Мірон, то крыкнуў:
– Гані вон гэтага драпежніка! Гэта амела, шкодная расліна, таксама паўднёвы госць. Яна жыве выключна на чужым карку. Птушкі ласуюцца яе ягадамі, а потым чысцяць свой нос на галіне другога дрэва. Ліпкі сок прыклейваецца, і гэтага досыць, каб расліна пачала расці.
Віктар ахвотна здзёр і скінуў драпежніка.
– Але ж і ўчапілася! – заўважыў ён. – Мусіць, зноў пачне расці.
– Пэўна, бо свае тонкія карэньчыкі яна запускае глыбока ў дрэва. Нават можна па глыбіні пазнаць, колькі часу яна тут жыве. Але ўсё-такі лягчэй будзе беднаму дрэву.
Дома ім сапсавала настрой дымарня. Ім здавалася, што шынкі пачнуць падсыхаць і набываць такі выгляд, у якім звычайна ўсе мы прывыклі іх бачыць, а тым часам адбывалася нібы наадварот: яны рабіліся больш мяккімі, разлезлымі і, здавалася, псаваліся хутчэй, як без акурвання.
– Відаць, нічога не выйдзе, – журыўся Мірон. – Іх трэба і саліць, і сушыць доўга, а потым ужо акурваць. Апрача таго, вецер адносіць дым. Выходзіць, што мы самі толькі псуём іх. Лепш ужо спячы – даўжэй захаваюцца.
|< Пред. 119 120 121 122 123 След. >|