Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
132 из 173
Яна можа служыць замест гаршка.
– Правільна! Тады не трэба будзе больш важдацца з гэтым праклятым чарап'ём.
У апошні момант, калі пачалі былі закладваць гняздо, заўважылі ў галлі новую рэч. Гэта быў кінжал у ножнах. Гэтая знаходка ўсцешыла хлопцаў больш, як усё папярэдняе.
– Гэты нож нібы спецыяльна пакладзены для нас! Яны, можа, так сабе, на кожны выпадак, сунулі яго, а для нас якое шчасце! – цешыўся Мірон.
– Дай Бог ім здароўя на тым свеце! – прамовіў Віктар.
Калі ўпарадкавалі рэчы, пачалі рамантаваць хатку. Трэба было зрабіць акурат так, як было раней, а гэта аказалася вельмі нялёгкай справай. Сувязь між галлём была парушана; выходзіла звычайная куча ламачча, а не бабровая хатка.
– Ах, каб на цябе ліха! – злаваў Віктар. – Ніколі не думаў, што давядзецца будаваць бабру хату.
– Ды яшчэ акурат так, як яны, – дадаў Мірон. – Не, гэтак нікуды не варта! Разбурай зноў. Няма чаго спяшацца. Рызыкоўна. Трэба прыгледзецца, як яны будуюць, і пачаць спачатку, па галінцы.
– Вось не было яшчэ бяды! – бурчаў Віктар. – Гэтак увесь дзень патрацім.
– Але ад гэтай працы залежыць нашае жыццё, – сурова сказаў Мірон.
– Эх, каб можна было папрасіць баброў, каб яны самі дабудавалі, – уздыхнуў Віктар.
І, набраўшыся цярплівасці, хлопцы ўзяліся за працу павольна, метадычна. Некалькі разоў пачыналі спачатку, адыходзілі, прыглядаліся, зноў папраўлялі.
|< Пред. 130 131 132 133 134 След. >|