Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 133 из 173

Адным словам, сапраўды патрацілі бадай увесь дзень, пакуль зрабілі так, як было спачатку.

«Дадому» вярталіся ўзброеныя да зубоў. З аднаго боку – рэвальвер, з другога – рэвальвер, ды яшчэ кінжал у дадатак.

– Вось калі дапамаглі нашы ваенныя заняткі ў гуртку! – казаў Мірон. – Без гэтага не толькі не ведалі б ніякіх там піраксілінаў, але і рэвальвера не ўмелі б у руках трымаць.

– А цяпер толькі давай сюды бандытаў, – усіх перастраляю! – храбрыўся Віктар. – Хай бы цяпер трапіўся які звер.

– Ну-ну! З рэвальверам на паляванне не ходзяць. Ці пацэліш ты хоць вунь у тое дрэва?

– Ану, давай! – з запалам крыкнуў Віктар.

Стрэлілі яны па тры разы, а трапіў толькі адзін раз Мірон. Віктар аж пачырванеў ад сораму.

– Давай яшчэ! – гарачыўся ён.

– Калі ты гэтак будзеш гарачыцца, дык ніколі не патрапіш, – павучальна сказаў Мірон. – Гэта табе не стрэльба. Каб з рэвальвера навучыцца страляць на далёкай адлегласці, трэба доўга практыкавацца. А нам хопіць і гэтага. У бандыта зблізку трапім.

– Але ж трэба папрактыкавацца, патронаў хапае, – настойваў Віктар.

– Я баюся, што нашы стрэлы могуць пачуць гэтыя самыя бандыты. Хто іх ведае, дзе яны жывуць, дзе бадзяюцца! Можа, блізка.

Гэтая заўвага пераканала Віктара.

Хоць сённяшні дзень быў і зусім галодным, але хлопцы паляглі спаць у самым бадзёрым настроі. Ім здавалася, што з рэвальверамі ім галадаць болей ужо не прыйдзецца.

Калі яны паляглі, Віктар сказаў:

– Ведаеш што? Цяпер я ўжо разумею, чаму баброў гэтых шануюць, берагуць, бароняць.

|< Пред. 131 132 133 134 135 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]