Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
130 из 173
– Знойдуцца!– упэўнена адказаў Віктар і зноў запусціў руку. Але на гэты раз нічога не дастаў.
– Навошта ж тады нам рэвальверы? – сумна прамовіў Мірон.
– Пачакай яшчэ. Пакой бабра часам мае больш за метр ушыркі. Я ж не мог дастаць рукой ва ўсе куты. Трэба пашырыць уваход.
І хлопцы ўзяліся за гэтую працу.
Калі разабралі «столь», дык знайшлі яшчэ скрынку з двума рэвальверамі, некалькі бляшанак з патронамі, зноў скрутак з нейкай замежнай галантарэяй і, нарэшце, чатыры маленькія шасцісценныя каробачкі. Яны былі моцна зроблены з суцэльнага металу і толькі на канцы мелі шрубку.
– Фю-і-і! – засвістаў Віктар. – Тут ужо пахне больш сур'ёзнай справай. Гэта ж піраксілінавыя шашкі!
– Ого! Пакажы! Пакажы! – схіліўся Мірон. – У такім разе тут не проста кантрабанда, а нешта горшае.
– Так, – пацвердзіў Віктар. – Значыцца, нашы «збаўцы» не толькі кантрабандысты, але і дыверсанты. Нездарма мяжа адсюль за кіламетраў трыццаць. А вось яшчэ нейкія паперы.
Хлопцы пачалі разглядаць незразумелыя лісты, напісаныя лацінскімі літарамі, але ніводнага слова не маглі зразумець.
– Відаць, шыфраваныя, – здагадаліся яны.
І, нарэшце, карта Беларусі з рознымі, таксама незразумелымі адзнакамі: крыжыкамі, рыскамі, кружочкамі.
– Тут сапраўдны штаб! – задуменна прамовіў Віктар. – Цяпер я добра разумею, чаму яны хацелі нас загубіць.
|< Пред. 128 129 130 131 132 След. >|