Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 135 из 173



– Пойдзем да дубоў, можа, зноў дзіка ўбачым, як тады. Калі пусціць у яго дождж куляў з абодвух рэвальвераў, дык можна і забіць.

– Рызыкоўная справа, – пакруціў галавою Мірон.

– Усё-такі лепш, як з голаду пухнуць.

Але не так лёгка ўбачыць дзіка, як хацелася. Хоць і меў гэты кут права называцца звярыным, але не на кожным кроку можна было стрэць звяроў. Тым болей што абодва астравы складалі разам вельмі значную прастору, на якой усім хапала месца. Нават да гэтага часу заставалася яшчэ, прынамсі, палова плошчы, якой хлопцы не наведвалі.

Нарэшце нашы паляўнічыя павінны былі вярнуцца да сваёй «пашы». Са зброяй у руках яны сталі збіраць шчаўе, грыбы, аер і іншую спажыву. Злавілі яшчэ дзвюх жаб.

– Гэта ж сорам! – абураўся Віктар. – З рэвальверамі лавіць жаб.

– Ніякага сораму тут няма, – спакойна прамовіў Мірон, – калі нават адзін паэт пісаў:

Выйшаў я на сенажаць

Ды з нагана ў жабу – бац!

– Мусіць, ён таксама быў галодны, як і мы, – засмяяўся Віктар.

Прахадзілі ўвесь дзень, а прынеслі дадому толькі адны грыбы. Але затое згатавалі іх па-гаспадарску: у бляшанцы, з вадой, з соллю. А замест лыжак скарысталі тыя гліняныя чарапкі, што калісьці ляпілі.

Так пражылі яны яшчэ пяць дзён. Як на смех, гэтыя дні, калі таварышы былі добра ўзброены, былі для іх самымі цяжкімі за ўвесь час жыцця на востраве. Яны нават дайшлі да таго, што адважыліся пакаштаваць хрушчоў.

|< Пред. 133 134 135 136 137 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]