Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
138 из 173
Нават страву маглі згатаваць у бляшанцы ад патронаў. Ажылі хлопцы, павесялелі. Прайшла ў Віктара і курыная слепата. І ўжо не абыякавымі вачыма глядзелі яны навакол і на сваю будучыню.
XX
Падрыхтоўка да сустрэчы. – З вуголлем у пушчу. – «Насарог». – Выратаванне каштоўнай жывёлы. – Запасны агонь.
Нарэшце надышоў час, калі трэба было распачынаць падрыхтоўку: надаць жыллю акурат такі выгляд, які яно мела раней, калі былі тут бандыты, агонь загасіць, а самім выбраць другое месца, дзе яны будуць сядзець і чакаць. Месца гэтае павінна быць не на віду і разам з тым такое, адкуль добра сачыць за ворагамі. Вядома, увесь гэты час раскладаць агню ім будзе нельга. Значыцца, трэба назапасіць смажанага мяса.
Па іх меркаваннях, два тыдні павінны былі скончыцца паслязаўтра, але гэта не значыла, што бандыты акурат прыйдуць у гэты дзень. Яны маглі з'явіцца і раней, а больш магчыма, што пазней. Невядома, колькі часу прыйдзецца сядзець і пільнаваць. А як быць з агнём?
– Пойдзем спачатку знойдзем сабе месца для назірання, а там пабачым, што рабіць, – пастанавілі хлопцы і пайшлі на другі востраў.
Востраў быў вялікі. Калі спыніцца каля берага, то будзеш бачыць толькі гэтую частку, а бандыты могуць перабрацца зусім у іншым месцы. Калі выбраць назіральны пункт у глыбіні вострава, дык наогул берага не будзеш бачыць.
– Нельга спадзявацца, – разважаў Мірон, – што мы акурат убачым, кудой яны прыходзяць, і ўцячом, пакінуўшы іх тут.
|< Пред. 136 137 138 139 140 След. >|