Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
139 из 173
Трэба меркаваць, што мы раней убачым іх тут, будзем сачыць, як яны пойдуць назад, і выберамся ўжо следам за імі. Таму я прапаную выбраць месца як мага бліжэй да бабровых хатак, куды яны, безумоўна, павінны прыйсці.
– Я ўпэўнены, – казаў Віктар, – што яны пераходзяць у тым месцы, дзе мы заўважылі нібы кладку. Толькі мы не ведаем, як гэта яны робяць. Калі там пільнаваць, мы гэта ўбачым.
– Але яно рызыкоўна, – не згаджаўся Мірон. – А што, калі не там? Тады яны могуць прыйсці і нават пайсці, а мы нічога і ведаць не будзем. А бадзяцца па лесе небяспечна: яны могуць раней заўважыць нас, як мы іх.
Віктару ўсё здавалася, што праход павінен быць там. Але, з другога боку, і разважанні Мірона былі слушныя. І Віктар пакуль што згадзіўся з ім.
На тым беразе, каля якога стаяла бабровая хатка, пачыналася высокая сухая града. Спачатку яна была вузкая і ішла ўздоўж бабровай ручаіны, а потым пашыралася і гублялася ў глыбіні вострава. На ёй рос прыгожы бор з рэдкімі стройнымі соснамі, а па баках ішлі зараснікі алешыны, арэшніку.
– Калі схавацца ў гэтым арэшніку, вось за той купінай, – казаў Мірон, – дык мы будзем бачыць усю гэтую граду. Яны абавязкова павінны прайсці па ёй, калі пойдуць да свайго склада.
– Месца добрае, – сказаў і Віктар. – Нам нават зручна будзе ісці па хмызняку за імі ўслед, бо па чыстым бары было б рызыкоўна.
Тут і вырашылі зрабіць назіральны пункт. Было крыху вільготна на зямлі, але хлопцы мелі дзве скуры.
– Давай зробім рэпетыцыю, – сказаў Віктар.
|< Пред. 137 138 139 140 141 След. >|