Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
146 из 173
Трэці дзень прайшоў гэтак жа, як і папярэднія два, толькі напружанасць так змарыла іх, штоабодва паснулі як забітыя. Спалі смачна да самага вечара.
Першы прачнуўся Мірон. Схамянуўся, ускочыў, нават спачатку не пазнаў, дзе ён і што з ім. Віктар хроп так, што чуваць было па ўсім лесе.
– Гэй ты, вартаўнік! – штурхануў яго пад бок Мірон.
– Га? Што? – усхапіўся той.
– Ці ведаеш ты, што хроп на ўвесь лес? Нашы госці на тым баку балота пачулі.
– А ты?
– І я таксама спаў. Гэта ж вар'яцтва! Нас маглі зарэзаць, як куранят.
– Я баюся, што яны, праклятыя, ніколі не прыйдуць, – пазяхаючы прамовіў Віктар.
– А ўсё-такі рызыкаваць нельга. Другі раз будзем спаць па чарзе.
І гэты дзень мінуў. І другі. І яшчэ адзін. І яшчэ…
Хлопцам было вельмі цяжка цярпець. Мяса псавалася ўсё болей і болей. А «пасвіцца» ўдзень не было як: трэба было сядзець і пільнаваць. Калі нават вылазілі да баброў па ваду, то ўсё здавалася, што вось зараз іх заўважаць. Адна ўцеха ды ратунак ад гнілога мяса – гарачы чай уночы.
З кожным днём напружанасць узмацнялася; ад кожнага трэску і шолаху хлопцы ўздрыгвалі, нібы ад электрычнай іскры. Гэтае безупыннае напружанне так знервавала хлопцаў, што яны зусім страцілі сон, зрабіліся панурымі і злоснымі. Усё гэта, разам з дрэнным харчаваннем і сядзеннем на месцы, аслабіла іх так, што ў іх часам кружылася галава, цямнела ў вачах, дрыжалі ногі. Папярэднія дні здаваліся ім ужо шчаслівымі ў параўнанні з цяперашнімі.
Часам хлопцам пачынала здавацца, што бандыты ўжо блізка.
|< Пред. 144 145 146 147 148 След. >|