Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 148 из 173

А цяпер што будзе?

– Ох, ужо гэтая разумная асцярожнасць! – са злоснай насмешкаю сказаў Віктар.

Мірон засаромеўся. Ён адчуваў, што перамудрыў. Але каб абараніць сябе, перайшоў у наступ:

– А скажы шчыра: ці мог ты паручыцца, што яны сёння ані ў якім разе не прыйдуць?

– Вядома, паручыцца ніхто не можа, але…

– Пачакай. Значыць, можна было думаць, што яны прыйдуць?

– Ну, можна.

– А ты ведаеш, чым пагражала гэтая магчымасць?

– Ну, ведаю.

– Дык вось што: маленькая магчымасць загінуць – сур'ёзней за вялікую магчымасць пад'есці.

– Але ж у нас ёсць рэвальверы! – не здаваўся Віктар.

– А можа, там будзе дзесяць стрэльбаў? Рэвальверы спатрэбяцца тады, калі не будзе чаго іншага рабіць.

Віктар замаўчаў.



XXII

«Слон». – Агіднае забойства. – Бандыты з палоннікам. – Падазрэнне бандытаў. – Допыт. – Ваенныя аперацыі. – Перамога.



Так яны правялі ў чаканні чатыры дні. І гэтыя дні здаваліся ім самымі доўгімі і пакутнымі за ўвесь час іх жыцця на востраве. Яны праходзілі ў бяздзейнасці, а гэта і ёсць самая горшая пакута для жывога чалавека. На працягу дня яны, вядома, выходзілі са сваёй засады, але асцярожна, тулячыся ды азіраючыся, каб іх не маглі ўбачыць здалёк.

Такі напружаны перапынак быў не лепш за сядзенне і чаканне.

Пад вечар ішлі начаваць у пушчу да свайго вогнішча, спалі зусім не так добра, як у будане, а раніцою вярталіся на сваю «службу».

|< Пред. 146 147 148 149 150 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]