Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 157 из 173

Замацавалі так, каб ён ні ў якім разе не мог развязацца, і пакінулі.

Вызвалены таварыш зноў прыладзіў сабе жардзіну, хлопцы зноў схаваліся ў кустах – і ўсё было ў парадку.

Цяпер ужо хлопцы чакалі наступнай сустрэчы без страху. Якая ўжо тут магла быць небяспека?

Але чакаць давялося доўга. Відаць, бандыты шнырылі па ўсім тым востраве.

Нарэшце з-за бабровага ручая пачуліся галасы, потым з'явіліся абодва бандыты.

– Незразумелая рэч! – пачулі хлопцы. – Няўжо гэта яны? Адкуль жа яны маглі ведаць, што ім трэба сцерагчыся?

Падышоўшы да стаянкі, яны агледзеліся, пакруціліся і спыталі ў палонніка:

– А дзе наш таварыш?

– Не ведаю, – буркнуў той.

Яны падазрона зірнулі на яго і падышлі бліжэй.

«Зараз!» – мільганула ў галовах у хлопцаў.

– А ў які бок ён пайшоў? – зноў пачулася пытанне.

– У той, – неахвотна кіўнуў галавой палоннік і паказаў наперад.

Бандыты глянулі ў той бок.

Зараз жа грымнуў стрэл, і чорны дзядзька храснуўся на зямлю, ухапіўшыся рукамі за жывот. Стрэльба яго пакацілася па зямлі. Другі бандыт азірнуўся, і ў яго не толькі вочы, але і рот раскрыўся на ўсю шырыню ад здзіўлення і жаху. Перад ім ужо стаяў палоннік з нацэленым рэвальверам у руках, а з-за яго спіны выбягалі яшчэ двое хлопцаў, таксама з рэвальверамі.

– Рукі ўгору! – грозна загадаў Мірон.

– Рукі ўгору, калі хочаш жыць! – звонкім голасам крыкнуў Віктар.

Трэцяму бандыту нічога не заставалася, як здацца.

|< Пред. 155 156 157 158 159 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]