Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 155 из 173

Яны так спяшаліся, што нават не звярталі ўвагі на шолах і хруст, які яны робяць.

Палоннік пачуў і азірнуўся.

– Тсс! – шапнулі хлопцы.

Нібы агонь бліснуў у вачах палонніка. Але болей ён не варухнуўся і застаўся сядзець, як сядзеў.

Мірон падпоўз збоку, зараз жа перарэзаў вяроўкі і сунуў палонніку рэвальвер.

– Уцякайце! – шапнуў ён.

Але, убачыўшы рэвальвер, палоннік застаўся сядзець нерухома.

– У вас ёсць рэвальверы? – спытаў ён, не паварочваючы галавы.

– Ёсць, нават чатыры.

– У такім разе хавайцеся ззаду і чакайце, а я буду сядзець, як сядзеў. Гэтак мы лягчэй справімся з імі. Я сам спраўлюся з двума, а на вашу долю застанецца адзін. Падсуньце пад мяне рэвальвер. Ці зараджаны ён?

– Зараджаны, іхні, – адказаў Мірон і адпоўз назад.

Палоннік паправіў сваю жардзіну, заблытаў на руках вяроўкі і застаўся сядзець.

Хлопцы схаваліся ззаду.

– Чаму ён не ідзе? – здзівіўся Віктар.

Мірон растлумачыў, у чым справа. Хлопцы адразу напоўніліся ўпэўненасцю і нават гонарам. Яны ж пад кіраўніцтвам аўтарытэтнага чалавека прымаюць удзел у ваеннай аперацыі! Сілы цяпер роўныя, ды яшчэ перавага ў тым, што вораг нічога не ведае.

Каля бабровай хаткі пачуліся трывожныя галасы. Потым адзін бандыт выйшаў з-за кустоў і зірнуў на свой лагер. Палоннік спакойна сядзеў з жардзінай. Бандыт зноў схаваўся.

Праз некалькі часу яны зноў выйшлі, пра нешта горача пагутарылі і разышліся.

|< Пред. 153 154 155 156 157 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]