Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 20 из 173

Тузаніна ў кустах сведчыла, што і вораг яго не надта моцны, калі яны так доўга тузаюцца. Потым пачулася нібы плясканне крылаў, і тады мне прыйшла ў галаву думка, што гэта, мусіць, якая сава напала на зайца, як гэта часта пішацца ў кнігах. Але ж і запусціла кіпцюры ў спіну! Сама хацела вырвацца, ды не магла, таму і ўдалося схапіць. А цяпер паспрабуем запалкі, можа, ужо будуць гарэць.

Тыцнуўся Віктар туды-сюды, а запалак няма.

– Згубіў у час тузаніны, – прамовіў ён у роспачы.

Хацеў быў накінуцца на яго Мірон, але раздумаў.

– Знойдзеш заўтра, – сказаў ён лагодна. – Ды, мусіць, і страта невялікая, бо, відаць, усё роўна з іх толку не было б.

– А есці хочацца… – неяк жаласна сказаў Віктар.

– Ты ж казаў, што мог бы есці сырое. Вось і еш.

– Ну, ну! Лёгка казаць. Але ўсё ж такі, што мы будзем рабіць заўтра?

– Заўтра і будзем меркаваць, – сказаў Мірон і лёг у сваё логава. – А цяпер будзем спаць. Вось палажы сабе з другога боку зайца – хай грэе, а я палажу пугача.

Нарэшце дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні гром, ні мароз. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла іх, то яны праспалі аж да поўдня. Прачнуліся, селі, азіраюцца.

– Учора гэтай парой як пад'еў… – пачаў быў Віктар.

– Давай пашукаем нашы запалкі, – перапыніў яго Мірон. – Тады і пад'ясі.

Расплюснуты карабок з дзвюма запалкамі знайшлі хутка. З хваляваннем чыркнулі – запалка засіпела і больш нічога.

|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]