Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 19 из 173

Паспалі крыху і зноў пачалі варушыцца. Раптам недзе побач пачуўся дзікі, прарэзлівы крык. Крык жудасны і разам з тым нейкі жаласны, нібы хто душыць малое дзіцяня…

Жах ахапіў хлопцаў. Мімаволі яны шчыльней зашыліся між каранёў.

Крык не спыняўся, і нават непадалёк, у кустах, чулася нейкая тузаніна.

Тут ускочыў Віктар і кінуўся ў кусты.

– Мірон! Сюды хутчэй! – зараз жа пачуўся яго крык.

Спачатку Мірон зазлаваў на Віктара, чаму гэта ён кінуўся ў бяду, але ў той жа момант сам апынуўся каля Віктара. Той нешта трымаў, і гэтае нешта білася і вырывалася.

– Трымай! Хутчэй! – зноў крыкнуў Віктар.

Мірон учапіўся рукою за поўсць нейкага звера.

– Што гэта за звер такі? – здзівіўся ён.

– Трымай, трымай мацней! Заяц! – засопшыся, казаў Віктар.

Мірон учапіўся абедзвюма рукамі за зайца, але зараз жа адну руку адхапіў, бо нехта моцна ў яе дзюбануў.

– Ай, ай, заяц дзюбаецца! – крыкнуў ён з жахам.

– Трымай мацней! А то ўцячэ! – тузаўся тым часам Віктар.

Мірон зноў ухапіўся дзвюма рукамі.

– Што гэта робіцца? – крыкнуў ён. – Ніколі не чуў, каб заяц дзюбаўся!

– Я ж пугача трымаю! Гэта ён. Трымай зайца, а я гэтаму лупатаму зараз галаву раструшчу.

І ён стукнуў птушку галавой аб дрэва. Потым гэтак жа забілі і зайца.

– Адкуль ты ведаў, што там дзеецца? – запытаўся Мірон, калі яны са здабычай вярнуліся на сваё месца.

– Жаласны піск паказваў, што гэта нейкі невялікі звярок трапіў у бяду.

|< Пред. 17 18 19 20 21 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]